Партыя БНФ можа застацца бяз офіса
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
19.12.2017 14:48
Цяпер у партыі скончыўся трохгадовы тэрмін арэнды памяшканьня.
Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў Фота: Партыя БНФ
Партыя БНФ можа застацца бяз офіса, калі Менгарвыканкам не падоўжыць арэнду. Праўда, у камэнтары «Беларускаму партызану» кіраўнік партыі Рыгор Кастусёў выказаў надзею, што ўсё будзе добра.
Цяпер у партыі скончыўся трохгадовы тэрмін арэнды памяшканьня. Сама арганізацыя мае фінансавыя праблемы: напрыклад, у верасьні ў офісе на некалькі дзён адключалі электрычнасьць за запазычанасьць. Тым ня менш партыя падала дакумэнты на падоўжаньне арэнды памяшканьня па вуліцы Чарнышэўскага, 3.
Арэнда офіса каштуе каля 1 тыс. даляраў штомесяц плюс камунальныя паслугі – агулам выходзіць каля 1,5 тыс. даляраў.
На цяперашні час партыя аплаціла арэнду за рэгіянальныя офісы – у Магілёве, Віцебску й Горадні. «Але пэўнае фінансавае напружаньне застаецца. З пачатку гэтага года павысіліся кошты на камунальныя паслугі. А нашы фінансавыя магчымасьці, на жаль, не палепшыліся. Людзі, якія нас падтрымлівалі, таксама апынуліся ў складанай сытуацыі. Таму хоць самыя вострыя пытаньні мы закрылі, фінансавае пытаньне застаецца надзвычай актуальным», – тлумачыць Кастусёў.
паводле эўрарадыё/вс