Logo Polskiego Radia
Print

Беларусь належыць да Эўропы

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 09.12.2017 10:44
Міністар замежных спраў пракамэнтаваў адносіны з Захадам, Расеяй, сытуацыю на Данбасе ды бязьвізавы рух.
Foto:mfa.gov.by

Беларусь не зьяўляецца рупарам ні Масквы, ні Брусэлю, ні Вашынгтону. Менск вядзе перамовы пра аблягчэньне візавага рэжыму з ЭЗ і гатовы ўносіць прапановы аб стварэньні міратворчай місіі ў Данбасе. Гэтыя тэмы ўздымаліся ў эксклюзіўным інтэрвію міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея тэлепраекту Радыё Свабода «Настоящее время».

Кіраўнік беларускай дыпляматыі зазначыў, што Беларусь мае шмат супольнага з Расеяй ды Захадам. Беларусь – гэта Эўропа і геаграфічна, і палітычна. З гандлёва-эканамічнага пункту гледжаньня для нас ЭЗ зьяўляецца выключна важным партнэрам – другім па значнасьці пасьля Эўразійскага эканамічнага зьвязу, пасьля Расеі, заявіў міністар.

З Расеяй Беларусь стварыла Саюзную дзяржаву, дзякуючы чаму цяпер грамадзяне Беларусі ды Расеі маюць аднолькавыя правы. Аднак гэта не азначае, што Беларусь ва ўсім пагаджаецца з Масквой. Менск мае свой голас. Што тычыцца адносін з Захадам ды Эўразьвязам, міністар заявіў, што тут працэс нармалізацыі стасункаў толькі пачаўся, калі дыялёг застанецца, то з часам будуць і сустрэчы на вышэйшым узроўні.

Пакуль жа Беларусь вядзе з ЭЗ перамовы пра спрашчэньне візавага рэжыму ды па рэадмісіі. Бакі прапрацоўваюць цяпер тэхнічныя моманты. Іх вырашэньне ў інтарэсе Беларусі.

Што тычыцца канфлікту на ўсходзе Ўкраіны, то Ўладзімір Макей зазначыў, што Беларусь вітае любыя крокі, у тым ліку міратворцаў, скіраваныя на хутчэйшае вырашэньне канфлікту на Данбасе. Афіцыйны Менск ня хоча, каб гэты канфлікт стаў замарожаным па прыкладзе Прыднястроўя, Нагорнага Карабаху ды іншых. Гэта абсалютна не ў інтарэсах Беларусі, таму што Ўкраіна вялізарнай важнасьці гандлёвы партнэр для Беларусі.

Паводле Радыё «Свабода»/юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт