У Менску адчыніцца выстава «Кракаўскія калядныя батлейкі»
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
06.12.2017 12:00
Выстаўка ладзіцца дзякуючы шматгадоваму супрацоўніцтву Нацыянальнага гістарычнага музэя і Польскага Інстытута.
12 сьнежня а 17-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музэі Рэспублікі Беларусь адбудзецца ўрачыстае адкрыцьцё выставы «Кракаўскія калядныя батлейкі». Выстаўка ладзіцца дзякуючы шматгадоваму супрацоўніцтву Нацыянальнага гістарычнага музэя Рэспублікі Беларусь і Польскага Інстытута ў Менску.
Напярэдадні зімовых сьвятаў музэй запрашае дзяцей і дарослых зьдзейсьніць падарожжа ў дзівосны сьвет гісторыі кракаўскіх батлеек. Наведвальнікаў чакае сьвяточны настрой ад набліжэньня непаўторнага часу, атмасфэра цеплыні і радасьці ад знаёмства з прыгожым.
Кракаўскія батлейкі (ад польскага – Betleem – назва г. Віфлеема) – гэта багата аздобленыя сцэны Божага Нараджэньня з архітэктурнай спасылкай на адметнасьці Кракава. Стылёвая разнастайнасьць кракаўскіх касьцёлаў стала для стваральнікаў батлейкі крыніцай натхненьня. Гэта форма батлейкі сфармавалася ў XIX ст., распаўсюдзілася ў XX ст. і культывуецца дагэтуль, зьяўляючыся правобразам сучасных батлеек.
Гістарычны музэй Кракава з 1946 года ладзіць штогадовыя конкурсы і выставы батлеек, якія вылучаюцца надзвычайнай рэлігійнай, мастацкай, патрыятычнай і гістарычнай каштоўнасьцю. Рэглямэнт на роўных правах дапускае да ўдзелу ў конкурсе працы прафэсіяналаў (архітэктараў, мастакоў) і мастакоў-аматараў. На дадзенай выставе прадстаўлены батлейкі з фондаў кракаўскага музэя, якія атрымлівалі найвышэйшыя адзнакі і ўзнагароды. Адметнасьцю кракаўскіх батлеек зьяўляюцца сцэны з гістарычнымі пэрсанажамі (каралямі, нацыянальнымі героямі, заслужанымі і вялікімі палякамі) і легендарнымі (напр., Трубачом, панам Твардоўскім). Некаторыя батлейкі маюць сучасныя і складаныя мэханізмы, а таксама ўбудаваныя музычныя рашэньні, з якіх гучаць кракаўскія мэлёдыі або найбольш папулярныя калядкі.
Польскі інстытут/ав