Мінфін Беларусі прыпыніў ліцэнзію папулярнай страхавой кампаніі
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Alaksandar  Papko
                        
                        02.12.2017 11:40
                    
                                 
                
                
                    Ліцэнзія кампаніі «Бі энд Бі іншурэнс Ко» прыпыненая да красавіка.
                
                
                    
                        
pixabay.com/Public Domain/CC0 
                     
                
                
                
               
                
                         Міністэрства фінансаў Беларусі паведаміла аб прыпыненьні ліцэнзіі страхавой кампаніі «Бі энд Бі іншурэнс Ко» з 11 сьнежня 2017 года па 10 красавіка 2018 года – інфармуе партал TUT.BY.
Паводле Мінфіна, кампанія ня выправіла выяўленых падчас папярэдніх праверак парушэньняў заканадаўства аб страхаваньні. Парушэньні заключаліся ў «незабесьпячэнні грашовымі сродкамі ў поўным аб'ёме страхавых рэзэрваў і мінімальнага памеру статутнага фонду».
У пэрыяд прыпыненьня дзеяньня ліцэнзіі «Бі энд Бі іншурэнс Ко» мае права прымаць чарговыя траншы страхавых узносаў і абавязана выплочваць грошы па раней заключаным дамовам страхаваньня.
Варта адзначыць, што рэгулятар ужо ня першы раз прыпыняе ліцэнзію гэтай страхавой кампаніі. У 2014 годзе Мінфін меў намер прыпыніць ліцэнзію з 15 красавіка па 14 лістапада. Аднак аднавіў яе ўжо 21 ліпеня. Прэтэнзіі міністэрства былі падобныя.
«Бі энд Бі іншурэнс Ко» працуе на беларускім рынку з 1995 году. Да нядаўняга часу кампанія была найбуйнейшым прыватным страхоўшчыкам. Па выніках 10 месяцаў 2017 году кампанія разьмяшчаецца на 9 месцы па колькасьці страхавых узносаў.
tut.by/ап