Logo Polskiego Radia
Print

Больш за 18 тысяч беларусаў заражаныя ВІЧ

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 01.12.2017 16:57
Сёньня ў Беларусі пераважае палавы шлях перадачы ВІЧ, на долю якога прыпадае 77,1%.
PAP/EPA/RUNGROJ YONGRIT

Паказчык захворваньня за 10 месяцаў бягучага года склаў 20,5 на 100 тыс. насельніцтва й супастаўны з аналягічным паказчыкам 2016 года – 20,8 на 100 тыс. насельніцтва.

За ўвесь пэрыяд назіраньня ў Беларусі зарэгістравана 24.164 выпадкі ВІЧ-інфэкцыі, зь іх за 10 месяцаў гэтага – 1.946 выпадкаў (у 2016 годзе – 1.978).

У сьвеце, згодна з глябальнай статыстыкай Аб’яднанай праграмы ААН па ВІЧ/СНІД (ЮНЭЙДС), жыве больш за 36 мільёнаў чалавек, інфэкаваных ВІЧ.

Сёньня ў Беларусі пераважае палавы шлях перадачы ВІЧ, на долю якога прыпадае 77,1%. Актывізацыя палавога шляху перадачы ВІЧ на працягу шэрагу апошніх гадоў, адзначаюць экспэрты, сьведчыць аб тым, што людзі альбо ня ведаюць аб мерах прафіляктыкі інфэкцыі, альбо грэбуюць імі, мяркуючы, што ВІЧ-інфэкцыя мае дачыненьне толькі да пэўных груп насельніцтва, да якіх чалавек сябе не адносіць.

Спэцыялісты нагадваюць аб неабходнасьці тэставаньня, бо раньняя дыягностыка ВІЧ-інфэкцыі спрыяе больш эфэктыўнаму лячэньню, павышэньню якасьці жыцьця людзей, якія жывуць зь ВІЧ, і памяншэньню фактараў рызыкі перадачы інфэкцыі іншым людзям.

Усім ВІЧ-пазытыўным пацыентам прызначаецца спэцыфічнае лячэньне й бясплатна даюцца лекавыя сродкі для антырэтравіруснай тэрапіі.

Колькасьць такіх пацыентаў на сёньня складае 9.990 чалавек, зь якіх 206 – дзеці да 14 гадоў.

Мэдыкі падкрэсьліваюць, што своечасова пачаўшы лячэньне й прытрымліваючыся ўсіх указаньняў лекара, людзі, якія жывуць зь ВІЧ, могуць пражыць доўгае й паўнавартаснае жыцьцё.

За 10 месяцаў 2017 года ў краіне нарадзілася толькі адно дзіця зь ВІЧ-інфэкцыяй.

белапан/вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт