Лукашэнка хоча разьвіваць з Назарбаевым супрацоўніцтва ў IT-сфэры
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
29.11.2017 18:06
Кіраўнік Беларусі падкрэсьліў, што Беларусь мае што прапанаваць «казахстанскім братам».
PAP/EPA/TATYANA ZENKOVICH/POOL
Аляксандр Лукашэнка падпісаў з Нурсултанам Назарбаевым міждзяржаўную дамову аб сацыяльна-эканамічным супрацоўніцтве да 2026 году з праграмай сацыяльна-эканамічнага супрацоўніцтва на гэты ж пэрыяд.
Кіраўнік Беларусі назваў Казахстан стратэгічным партнэрам і прапанаваў супрацу ў IT-сфэры і ва ўкараненьні найноўшых вытворчых і фінансавых тэхналёгій і інструмэнтаў.
«У Казахстане ствараецца міжнародны фінансавы цэнтар »Астана« – будучы рэгіянальны фінансавы кластар. У Беларусі – Кітайска-беларускі індустрыяльны парк »Вялікі камень«, які павінен стаць інавацыйным »горадам будучыні«, арыентаваным на высокатэхналягічны экспарт. Дарэчы, і адзін, і другі знаходзяцца на Вялікім Шаўковым шляху. Узаемны ўдзел у гэтых праектах паскорыць і ўзмацніць інтэграцыю нашых краін у сусьветную эканоміку», – цытуе прэс-служба заяву Лукашэнкі.
Ён прапанаваў, каб фінансавы цэнтар «Астана» наладзіў кантакт з Паркам высокіх тэхналёгій па ўкараненьні самых перадавых распрацовак.
Кіраўнік Беларусі падкрэсьліў, што Беларусь мае што прапанаваць «казахстанскім братам»: «За кароткі прамежак часу нашы праграмісты забясьпечылі якасны рывок краіны ў IT-сфэры і выйшлі на глябальны ўзровень. Прадстаўнікі Казахстану ўжо пабывалі ў Парку й змаглі азнаёміцца зь беларускім праграмным забесьпячэньнем». Лукашэнка ўдакладніў, што Беларусь можа падзяліцца напрацоўкамі па бесьпілётных лятальных апаратах: ня толькі арганізаваць пастаўкі, але й перадаць тэхналёгіі іх вытворчасьці».
эўрарадыё/вс