Logo Polskiego Radia
Print

Лукашэнка: З тым, што адбываецца ў Брусэлі, справіцца Макей

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 24.11.2017 14:11
На яго думку, патрэбы адкласьці паездку ў Буда-Кашалёўскі раён дзеля Брусэля было ня варта/
Аляксандр ЛукашэнкаАляксандр Лукашэнкафота: Аляксандр Папко/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Рашэньне, што ў Брусэль паедзе міністар замежных спраў Уладзімір Макей, было прынятае задоўга да саміту «Ўсходняга партнэрства». Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў журналістам, адказваючы на пытаньне пра нібыта расейскі сьлед у гэтым пытаньні, перадае БелТА.

«У гэтым пытаньні кансьпіралёгіі няма. Ніякіх расейскіх, амэрыканскіх, украінскіх слядоў у гэтай тэме таксама няма. Як звычайна, паступіла асабістае запрашэньне на імя прэзыдэнта, як і раней на гэты саміт. Але вы ведаеце, як было ў ранейшыя гады: запрашэньне на саміт на імя Лукашэнкі, але заўсёды на гэтыя саміты езьдзіў міністар замежных спраў. Напэўна, ня вельмі ўжо і хацелі бачыць мяне некаторыя асобы ў Эўрапейскім Зьвязе», – патлумачыў кіраўнік Беларусі. Пасьля гэтага ён заявіў, што ўсе яго міжнародныя паездкі плянуюцца на год наперад і ўвязваюцца з унутранымі мерапрыемствамі.

Такім чынам, яшчэ за паўгода да саміты быў заплянаваны візыт у Брусэль міністра замежных спраў. «А ўжо бліжэй да саміту чамусьці раптам Эўрапейскі Зьвяз пажадаў бачыць там прэзыдэнта Беларусі. Дзякуй ім за гэта, што яны нарэшце зразумелі, што безь Беларусі ня можа быць Эўропы. Дарэчы, міністар замежных спраў ФРГ так і сказаў: вы – цэнтар Эўропы, якая Эўропа безь Беларусі», – дадаў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы патлумачыў, што паездка ў Буда-Кашалёўскі раён была заплянаваная загадзя, прычым яшчэ й тройчы адкладалася.

На яго думку, патрэбы адкласьці паездку ў Буда-Кашалёўскі раён дзеля Брусэля было ня варта: «З тым парадкам дня, з тым, што там, у Брусэлі, адбываецца, міністар заўсёды спраўляўся й справіцца на гэты раз».

эўрарадыё/вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт