Logo Polskiego Radia
Print

У Беларусі адчыніўся першы завод па перапрацоўцы выкарыстаных батарэек

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 18.11.2017 10:59
Адна батарэйка, выкінутая са звычайным сьмецьцем, забруджвае цяжкімі мэталамі каля 20 кубамэтраў зямлі або 400 літраў вады.
pixabay.com/Public Domain/CC0

У Беларусі запусьцілі першую ў Беларусі лінію па перапрацоўцы выкарыстаных электрычных батарэек. Пра гэта паведамляе афіцыйнае інфармагенцтва БЕЛТА.

Завод па перапрацоўцы батарэек дзяржпрадпрыемства БелВТІ разьмясьціла ў вёсцы Станок-вадзіца на тэрыторыі Менскага абласнога тэхнапарку. Тэхналёгія перапрацоўкі солевых і шчолачных батарэек была распрацаваная сумесна з навукоўцамі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту.

Спачатку батарэйкі сартуюць. Солевыя й шчолачныя батарэйкі разьбіраюць на тры фракцыі. Сталёвая фракцыя накіроўваецца на прадпрыемствы па ўтылізацыі чорных мэталаў. Сумесь, што ўтрымлівае цынк, адпраўляецца на прадпрыемствы, якія выкарыстоўваюць у вытворчасьці каляровыя мэталы. А вугальна-марганцавую сумесь адпраўляюць на мэталюргічныя заводы.

Магутнасьць новай лініі – 100 тонаў батарэек у год. Завод вельмі пазытыўна паўплывае на экалёгію – лічаць супрацоўнікі прадпрыемства. Адна батарэйка, выкінутая са звычайным сьмецьцем, забруджвае цяжкімі мэталамі каля 20 кубамэтраў зямлі або 400 літраў вады.

БелВТІ з 2015 года займаецца зборам адпрацаваных батарэек. Больш за 1200 кантэйнэраў для збору зарадных элемэнтаў прадпрыемства ўстанавіла ў гандлёвых цэнтрах, адміністрацыйных будынках, установах адукацыі, на аўтазаправачных станцыях. Па выніках 2017 году чакаецца сабраць ня менш за 110-115 тонаў адпрацаваных батарэек.

belta.by/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт