Logo Polskiego Radia
Print

Беларускія гастарбайтэры пераводзяць на радзіму менш грошай

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 13.11.2017 10:41
Пры гэтым беларусы сталі больш грошай адпраўляць за мяжу.
pixabay.com/Public Domain CC0

Беларусы сталі прыкметна менш атрымліваць з-за мяжы грашовых пераводаў. Так, у трэцім квартале бягучага году з-за мяжы ў Беларусь паступіла праз міжнародныя сыстэмы грашовых пераводаў больш за 82,5 мільёна даляраў, паведамілі ў Нацбанку. Для параўнаньня: у другім квартале 2017 году гэтая сума склала больш за 101 мільён даляраў, а ў першым – больш за 94 мільёны.
У сярэднім адзін перавод з-за мяжы ў трэцім квартале склаў больш за 305 даляраў, у другім – больш за 346 даляраў, а ў першым – больш за 349,5.

Пры гэтым беларусы сталі больш грошай пераводзіць за мяжу. Калі ў другім квартале агульная сума пераводаў за мяжу склала амаль 40,5 мільёна даляраў, то ў трэцім – амаль 45,5 мільёна.

Нагадаем, беларусы апынуліся ў лідарах па ўзроўні зарплаты сярод працоўных мігрантаў, якія прыязджаюць у Расею. Пры гэтым яны сталі радзей адпраўляцца на заробкі ў суседнюю краіну.

Высьветлілася, што больш за 70% працуюць у Расеі мігрантаў робяць гэта на законных падставах. На думку экспэртаў, наяўнасьць легальнага статусу ў прынцыпе зьвязана з больш высокімі даходамі, але „розьніца паміж заробкамі легальных і нелегальных мігрантаў у цэлым аказалася невялікая”.

Працоўныя мігранты зь Беларусі ў Расеі зарабляюць у сярэднім больш за 41 тысячы расейскіх рублёў (амаль 684 даляра).

Паводле ацэнак экспэртаў Інстытута сацыялёгіі пры НАН Беларусі, у цяперашні час шукаюць працу за мяжой ня менш 8-10% беларусаў.

tut.by/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт