Беларускі нацбол падпаліў помнік Ельцыну
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
07.11.2017 18:06
Расейская паліцыя затрымала Ігара Шчуку – ураджэнца Салігорска, які ваяваў у Данбасе.
wikimedia commons/Владислав Фальшивомонетчик/CC BY 3.0
7 лістапада ў расейскім Екацярынбургу ўраджэнец Беларусі абліў бэнзінам і падпаліў помнік Барысу Ельцыну. Пра гэта паведамляе Эўрапейскае радыё для Беларусі са спасылкай на сайт meduza.io.
За падпал праваахоўнікі затрымалі нацбола Ігара Шчуку. Яму прад'явілі абвінавачаньні ў вандалізьме.
Ігар Шчука – ураджэнец Салігорска. Ён уваходзіў у расейскую Нацыянал-бальшавіцкую партыю. У 2007 годзе гэтая арганізацыя была прызнаная экстрэмісцкай і забароненая. Яе пераемніцай стала партыя «Другая Россия».
У 2009 годзе Шчуку асудзілі на 10 месяцаў пазбаўленьня волі за ўдзел у дзейнасьці экстрэмісцкай арганізацыі ды абразу прадстаўніка ўлады. Падставай для крымінальнай справы сталі ўлёткі з абразьлівымі выказваньнямі на адрас Дзьмітрыя Мядзведзева і Ўладзімера Пуціна. Пасьля прысуду хлопца вызвалілі ў залі суду, бо ён адбыў тэрмін падчас сьледзтва. Расейская арганізацыя «Мэмарыял» тады прызнала Ігара Шчуку палітвязьнем.
У 2014 годзе ён заявіў, што прымаў удзел у баях на Данбасе. Па словах Ігара Шчукі, у Беларусі за гэта на яго пачалі крымінальную справу. Аднак Прадстаўнікі Сьледчага камітэту й КДБ Беларусі абвяргалі інфармацыю наконт крымінальнай справы.
meduza.io/euroradio.fm/ап