У Менску 100-годзьдзе Кастрычніка сьвяткавалі ўсяго 15 хвілінаў
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
07.11.2017 14:42
Беларусь – апошняя дзяржава на постсавецкай прасторы, дзе адзначаецца Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Сьвяткаваньне 100-годзьдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Менску. Кадр з відэасюжэту інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. belapan.com
Больш за тысячу чалавек узялі ўдзел у афіцыйным сьвяткаваньні 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Менску. Мерапрыемства прайшло на плошчы Незалежнасьці і працягвалася ўсяго 15 хвілін – перадае інфармагенцтва БелаПАН.
Прысутныя ўсклалі кветкі й вянкі да помніка лідару бальшавіцкай рэвалюцыі Ўладзімеру Леніну.
Удзельнікі трымалі каля сотні сьцягоў Камуністычнай партыі Беларусі, савецкіх і цяперашніх дзяржаўных сьцягоў Беларусі. У мерапрыемстве ўдзельнічала рота ганаровай варты. Праз гукаўзмацняльную апаратуру прайгралі некалькі вайсковых маршаў і гімн Беларусі.
Пасьля акцыі другі сакратар ЦК КПБ Георгій Атаманаў заявіў журналістам, што 7 лістапада зьяўляецца адным з найвялікшых сьвятаў у гісторыі Беларусі. На яго думку, дзякуючы падзеям стогадовай даўніны «беларускі народ стаў будаваць сваю дзяржаўнасьць».
Беларусь – гэта апошняя краіна на постсавецкай прасторы, дзе адзначаецца Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Да нядаўна прыход да ўлады бальшавікоў у Расеі сьвяткаваў таксама Кыргызстан.
Naviny.by/ап