Эўразьвяз дапаможа Нацбанку Беларусі стаць незалежным ад ураду
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
02.11.2017 10:44
Праект паспрыяе стабілізацыі беларускай эканомікі – заявіла кіраўнік прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын.
Нацыянальны банк Беларусі. Фота: інфармагенцтва БЕЛТА.belta.by
Эўрапейскі зьвяз рыхтуе міжнародны праект з удзелам Нацыянальнага банку Беларусі. Мэта праекту – узмацненьне незалежнасьці Нацбанку ад ураду. Пра гэта паведаміла кіраўнік прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын 2 лістапада на Кастрычніцкім эканамічным форуме (KEF) у Менску.
«Да канца гэтага году мы падпішам кантракт з Нацыянальным банкам, а таксама пагадненьне аб кансорцыюме з польскім, нямецкім і летувіскім цэнтрабанкамі. У рамках гэтага праекту беларускі Нацбанк атрымае больш магчымасьцяў для вырашэньня праблемаў, якія ўзьнікаюць у пытаньнях аўтаноміі й прыняцьця рашэньняў. Мы будзем казаць пра валюту, эканамічную стабільнасьць, валютную сыстэму», – цытуе дыплямата інфармагенцтва БелаПАН.
Андрэа Віктарын упэўненая, што сумесны праект дапаможа зрабіць беларускую эканоміку больш устойлівай.
Штогадовы Кастрычніцкі эканамічны форум (KEF) праходзіць у Менску 2-3 лістапада. На прадстаўнічай канфэрэнцыі, арганізаванай дасьледчым цэнтрам ІПМ, абмяркоўваюць галоўныя тэндэнцыі сусьветнай эканомікі й шляхі правядзеньня сацыяльных ды эканамічных рэформаў у Беларусі.
naviny.by/ап