Зімовы час у ЭЗ і Ўкраіне скарэктуе расклад міжнародных цягнікоў
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
28.10.2017 12:16
Пасьля пераходу на зімовы час зьменіцца час адпраўленьня й прыбыцьця цягнікоў міжнародных зносін.
Купэ спальнага вагона ў складзе беларускага цягніка міжнароднага сьледаваньня фота: Беларуская чыгунка
У сувязі зь пераходам у ноч з 28 на 29 кастрычніка ў суседніх краінах на зімовы час Беларуская чыгунка сумесна з чыгуначнымі адміністрацыямі Ўкраіны, Летувы, Латвіі й Польшчы загадзя правяла карэкціроўку раскладу руху міжнародных цягнікоў, паведамілі ў прэс-цэнтры магістралі.
Напрыклад, цягнік №86 Менск — Кіеў, які ў цяперашні час адпраўляецца са сталіцы Беларусі ў 22.40 і прыбывае ў Кіеў у 8.40, з 29 кастрычніка будзе адпраўляцца з Менска ў той жа час і прыбываць у Кіеў у 7.52. У зваротным напрамку зь пераходам на зімовы час цягнік будзе адпраўляцца ў 21.06 (у цяперашні час адпраўляецца ў 22.10), час прыбыцьця ў сталіцу Беларусі застанецца без зьмяненьняў — 8.38.
Час адпраўленьня зь Менска цягніка №805 Менск — Вільня пасьля пераходу на “зімовы” час застанецца без зьмяненьняў — 8.00, але прыбываць у Вільню састаў будзе на гадзіну раней — у 9.30 (зараз — у 10.30). У адваротным кірунку цягнік №806 Вільня — Менск будзе адпраўляцца ў 18.10 (зараз — у 19.10), час прыбыцьця ў сталіцу застанецца без зьмяненьняў — 21.40.
Пасьля 29 кастрычніка таксама зьменіцца расклад руху цягніка №87 Менск — Рыга — састаў будзе адпраўляцца зь Менска ў 22.26 безь зьмяненьняў (час прыбыцьця ў Рыгу зьменіцца з 10.10 на 9.00); у адваротным кірунку цягнік №88 будзе адпраўляцца з Рыгі ў 19.20 (зараз — у 20.00) і прыбываць у сталіцу Беларусі безь зьмяненьняў у 7.50.
У цягніку №9 Масква — Варшава бесьперасадачны вагон Менск — Варшава, які ў цяперашні час адпраўляецца са сталіцы Беларусі ў 23.43 і прыбывае ў Варшаву ў 7.50, з 29 кастрычніка будзе адпраўляцца зь Менска ў 0.43 і прыбываць у Варшаву без зьмяненьняў у 7.50. У адваротным кірунку з Варшавы час адпраўленьня з 29 кастрычніка застанецца ранейшым — 15.50, а час прыбыцьця ў сталіцу Беларусі зьменіцца з 2.48 на 3.50.
Цягнік з Кракава праз Варшаву і Беласток цяпер прыбывае ў Горадню ў 14.12 і адпраўляецца назад у 15.31. Ад 29 кастрычніка ён будзе прыбываць і адпраўляцца ў 15.12 і 16.31.
Пасьля пераходу на зімовы час таксама зьменіцца час адпраўленьня й прыбыцьця цягнікоў міжнародных зносін, якія ідуць транзытам па тэрыторыі Беларусі ў краіны Заходняй Эўропы і ў адваротным кірунку. Акрамя таго, у сувязі са зьмяненьнямі ў графіку руху міжнародных цягнікоў скарэкціраваны й расклад некаторых цягнікоў рэгіянальных і міжрэгіянальных ліній, якія курсіруюць па тэрыторыі Беларусі.
Падрабязную інфармацыю аб раскладзе іншых міжнародных цягнікоў, цягнікоў рэгіянальных і міжрэгіянальных ліній можна атрымаць на сайце Беларускай чыгункі, а таксама ў чыгуначных касах і па тэлефонах даведачных службаў.
радыё рацыя/звязда/вс