Logo Polskiego Radia
Print

Журналіст прымусіў зьняць расейскі сьцяг і георгіеўскую стужку

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 20.10.2017 14:18
Алесь Ляўчук пабачыў расейскі сьцяг і георгіеўскую стужку на машыне берасьцейскіх электрасетак.
radyjo.net

Берасьцейскі журналіст Алесь Ляўчук пабачыў расейскі сьцяг і георгіеўскую стужку на машыне берасьцейскіх электрасетак і папрасіў кіроўцу прабраць непажаданую ў Беларусі сымволіку з аўта.

Кіроўца адмовіўся, у выніку справа дайшла да выкліку міліцыі.

«Беларускія законы забараняюць разьмяшчаць на лабавым шкле любыя прадметы. Выклікаючы міліцыю, дзяжурны супрацоўнік доўга не хацеў дасылаць машыну ДАІ, але ўсё ж настаяў. Потым не хацеў працаваць супрацоўнік ДАІ, які прыехаў, але ўсё ж вывучыўшы беларускае заканадаўства – пачаў дзеяць. У выніку быў прапанаваны кампрамісны варыянт. Кіроўца здымае стужку і сьцяг, я не настойваю на складаньні пратаколу. Такі варыянт мяне задаволіў, бо сваіх мэтаў у гэтай сытуацыі я дасягнуў», – распавёў «Белсату» Алесь Ляўчук.

У апошні час даволі часта прадстаўнікі ўлады не рэкамэндуюць выкарыстоўваць расейскі сьцяг і георгіеўскую стужку, а ДАІ адназначна расцэньвае любыя сымвалы на лабавым шкле, як парушэньне. За гэта можна атрымаць штраф.

У чэрвені пасля яшчэ адной скаргі Алеся Ляўчука на расейскі сцяг на машынах камунальнікаў, на кіроўцаў склалі пратакол і прыцягнулі да адміністратыўнай адказнасці.

Нагадаем, што памаранчава-чорную стужку, якую ў Расеі называюць «георгіеўскай», пачалі негалосна пазьбягаць у Беларусі праз год пасьля таго, як яна фактычна зрабілася сымвалам расейскіх акупантаў і прарасейскіх сэпаратыстаў ва Ўкраіне.

belsat.eu/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт