Жыхары Бараўлянаў пратэстуюць супраць высяканьня векавога лесу
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Jolanta  Śmiałowska
                        
                        25.08.2017 16:45
                    
                                 
                
                
                    Жыхары выступаюць з ініцыятывай адкліканьня дэпутатаў, якія ігнаруюць іх праблемы.
                
                
                    
                        
Акцыя супраць высяканьня лесу ў Бараўлянах. Кадр з відэасюжэту тэлеканалу "Белсат". youtube.com/screen/belsat.eu
                     
                
                
                
               
                
                         Жыхары Бараўлянскага сельсавету Менскага раёну, якія пратэстуюць супраць высяканьня векавога лесу каля іхных дамоў і намераў будаваць на вызваленым месцы аб’екты сацкультбыту, накіравалі лісты ў Генпракуратуру, Менскі райвыканкам, Міністэрства адукацыі, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і Фэдэрацыю прафсаюзаў Беларусі.
Жыхары патрабуюць разабрацца і даць прававую ацэнку распачатаму ў адукацыйных і мэдыцынскіх установах Бараўлянаў і Ляснога збору подпісаў за тое, каб неадкладна збудаваць дзіцячы садок і сярэднюю школу ў раёне вуліца Жамчужная — на тэрыторыі, за якую якраз і змагаюцца мясцовыя жыхары.
«Гэта ініцыятыва ўладаў, якія ў загадным парадку націснулі на адукацыю і мэдустановы, каб распачаць збор подпісаў», - лічаць жыхары.
Каб зьвярнуць увагу на свае праблемы, жыхары Бараўлянаў паставілі на ўчастку лесу, заплянаваным пад зьнішчэньне, імправізаваны намётавы лягер. Аднак празь нейкі час міліцыянты згарнулі палаткі і як рэчавыя доказы несанкцыянаванай акцыі адвезьлі ў аддзяленьне.
Цяпер паўстае ініцыятыва арганізацыі мясцовага сходу для адкліканьня дэпутатаў, якія балятаваліся з населеных пунктаў Бараўлянскага сельсавету — уключна са старшынём Савету дэпутатаў Менскага раёну Сяргеем Шаблыкам. Жыхары перакананыя, што абраныя асобы ня толькі нічога ня робяць дзеля вырашэньня праблемных пытаньняў, а непасрэдна датычныя да ўвядзеньня грамадзкасьці ў зман.
svaboda.org/яс