Logo Polskiego Radia
Print

Корпус рэактара для другога энэргаблёка прывязуць на БелАЭС у верасьні

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 23.08.2017 14:52
Першы энэргаблёк плянуецца ўвесьці ў эксплюатацыю ў 2019 годзе, другі – у 2020-м.
Ілюстрацыйны здымакІлюстрацыйны здымакpixabay.com/Public Domain CC0

У верасьні ў Беларусь з Расеі прывязуць корпус рэактара для другога энэргаблёка, паведаміў намесьнік міністра энэргетыкі Міхаіл Міхадзюк.

«Сёлета восеньню мы павінны пачаць мантаж абсталяваньня рэактарнай устаноўкі на другім энэргаблёку. Корпус рэктара павінен прыбыць у верасьні, да канца гэтага года пачнём яго мантаж», – распавёў чыноўнік.

Корпус рэактара і ўсе чатыры парагенэратары на першым энэргаблёку ўжо змантаваныя. Завершаная й зварка галоўнага цыркуляцыйнага трубаправода першага энэргаблёка – гэта асноўная падзея для падрыхтоўкі першага блёка да запуску.

Міхадзюк заявіў, што ўсе кантракты на пастаўку асноўнага абсталяваньня падпісаныя, значная частка ўжо адпраўленая расейскімі заводамі-вытворцамі ў Астравец. Намесьнік міністра падкрэсьліў, што абсталяваньне для Беларускай АЭС праходзіць шматступенны кантроль якасьці на ўсіх этапах вытворчасьці й непасрэдна пры паступленьнi на пляцоўку станцыі.

Як паведамлялася раней, Беларуская АЭС будуецца паводле тыпавога расейскага праекта АЭС-2006 новага пакаленьня «3+». Першы энэргаблёк плянуецца ўвесьці ў эксплюатацыю ў 2019 годзе, другі – у 2020-м.

белта/эўрарадыё/вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт