Інвэстар з Эгіпту ўзяў у арэнду Блакітныя азёры ў Любанскім раёне
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
10.08.2017 13:38
Прыватная кампанія атрымала ў арэнду крэйдавыя кар’еры побач з вёскай Хацінава.
Прыватная кампанія атрымала ў арэнду крэйдавыя кар’еры побач з вёскай Хацінава, што на Любаншчыне, – паведамляе «СБ. Беларусь сегодня».
Два месяцы таму прыватная кампанія ТАА «Пирамида-Групп», зарэгістраваная ў пасёлку Урэчча, праз аўкцыён атрымала ў арэнду крэйдавыя карʼеры. Галоўным інвэстарам стане бізнэсовец з Эгіпту, імя якога не называецца.
У будучыні інвэстар зьбіраецца ўладкаваць на берагах базу адпачынку: гасьцявыя дамкі, рэстаран, лазьня, кэмпінг. «Праўда, пакуль у арэнду аддалі толькі водную роўнядзь. Для атрыманьня зямлі інвэстары павінны падрыхтаваць спэцыяльны праект і зацьвердзіць яго ў аблвыканкаме», – паведаміла намесьнік начальніка землеўпарадкавальнай службы Любанскага райвыканкаму Натальля Раменчык.
Дамова аб арэндзе разьлічаная на пяць гадоў, пазьней інвэстар будзе мець першачарговае права падаўжэньня арэнды.
У сваю чаргу ў ТАА «Пирамида-Групп» распавялі, што пасьля добраўпарадкаваньня пляжу купацца дазволяць усім, а рыбалка стане платнай.
Цяпер купаньне тут забароненае. Міліцыя рэгулярна штрафуе парушальнікаў.
Папулярны ў народзе вадаём не прыстасаваны для адпачынку: тут няма ні ўладкаванага пляжу, ні ратавальнікаў. А ў некаторых месцах – рэзкія перапады глыбіняў і тэмпэратуры. Купаньне небясьпечнае. За апошнія гады тут патанула 10 чалавек.
Гісторыя незвычайнага ляндшафту з вадой яскрава-бірузовага колеру пачалася 20 гадоў таму, калі Любанскі камбінат будаўнічых матэрыялаў спыніў тут здабычу вапны.
Паводле belsat.eu/яс