Сьвятлана Алексіевіч рыхтуецца наведаць Гомель
PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski
08.08.2017 17:04
У бліжэйшую суботу ляўрэат Нобэлеўскай прэміі сустрэнецца з жыхарамі абласнога цэнтру.
Сьвятланы АлексіевічАляксандр Папко/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Сьвятлана Алексіевіч рыхтуецца наведаць Гомель. У бліжэйшую суботу ляўрэат Нобэлеўскай прэміі сустрэнецца з жыхарамі абласнога цэнтру. Пра тое, што спатканьне ўсё ж адбудзецца, стала вядома сёньня.
Арганізатары (сярод іх Саюз беларускіх пісьменьнікаў ды Беларуская асацыяцыя журналістаў) адзначаюць, што ўсе ахвотныя на размову трапіць ня змогуць, бо канфэрэнц-заля грамадзка-палітычнага цэнтру «Палеская 52» можа прыняць ня больш за 60 чалавек. Сьпіс запрошаных ужо гатовы.
Разам з тым, папрысутнічаць на сустрэчы з уладальніцай Нобэлеўскай прэміі па літаратуры ўсе жадаючыя змогуць віртуальна, дзякуючы трансьляцыі ў інтэрнэце. А на адмысловай старонцы ў Фэйсбуку можна будзе пакінуць свае пытаньні.
Нагадаем, Сьвятлана Алексіевіч ужо даўно зьбіралася наведаць Гомель, аднак спатканьне з чытачамі неаднаразова пераносілася. У прыватнасьці, яно плянавалася ў ліпені, аднак тады не ўдалося дамовіцца з абласной бібліятэкай наконт памяшканьня.
racyja.com/св