Logo Polskiego Radia
Print

Бясплатны Wi-Fi запушчаны на ўсіх вакзалах Беларускай чыгункі

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 28.07.2017 18:42
Скарыстацца бясплатным Wi-Fi на беларускіх вакзалах можна пасьля пацьверджаньня асобы.
pixabay.com/Public Domain CC0

Паслуга бясплатнага бесправаднога доступу ў інтэрнэт 27 ліпеня запушчаная на ўсіх вакзалах Беларускай чыгункі.

Як паведаміла прэс-служба БЧ, па замове чыгункі кампанія МТС разгарнула зоны Wi-Fi на ўсіх 19 чыгуначных вакзалах краіны. 103 пункты доступу ўстаноўленыя ва ўсіх залях чаканьня і холах, а ў Менску й Берасьці таксама ў пакоях адпачынку. "Сумесны маштабны праект закліканы пашырыць сьпіс дадатковых сэрвісаў для пасажыраў, павысіць турыстычную прывабнасьць Беларусі", — адзначыла прэс-служба.

Больш за два тыдні тэхналёгію тэставалі. За гэты час больш за 17 тысяч чалавек ужо скарысталіся грамадзкім Wi-Fi. Пакуль найбольш актыўна тэхналёгію выкарыстоўваюць у Менску, Гомелі й Віцебску, паведамілі на Беларускай чыгунцы.

Скарыстацца бясплатным Wi-Fi на беларускіх вакзалах можна пасьля пацьверджаньня асобы: карыстальнік уводзіць нумар свайго мабільнага тэлефона ў спэцыяльнае поле, пасьля гэтага атрымлівае СМС з паролем для ўваходу ў сетку. Аўтарызацыя дзейнічае 24 гадзіны.

Бясплатны Wi-Fi даступны наведвальнікам вакзалаў Беларускай чыгункі ў Менску, Берасьці, Баранавічах, Віцебску, Гомелі, Горадні, Магілёве, Бабруйску, Барысаве, Жлобіне, Калінкавічах, Крычаве, Лідзе, Лунінцы, Маладзечне, Оршы, Асіповічах, Полацку й Пінску.

белапан/вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт