Logo Polskiego Radia
Print

Сьледчы камітэт адмовіўся пачынаць справу за зьбіцьцё журналіста

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 26.07.2017 12:24
Справа тычыцца зьбіцьця ў пастарунку рэдактара сайта «Рэальны Брэст» Дзяніса Марука.
youtube.com/screen

Сьледчы камітэт не знайшоў падставаў для таго, каб пачаць крымінальную справу па факце зьбіцьця рэдактара сайта «Рэальны Брэст» Дзяніса Марука, перадае прэс-служба БАЖ.

На адным з вясновых мітынгаў «недармаедаў» журналіст паказаў непрыстойны жэст чалавеку ў цывільным. Як выявілася пазьней, гэта быў пераапрануты міліцыянт. Пазьней за гэтае правапарушэньне Марука пакаралі штрафам у дзьве базавыя велічыні.

Таксама міліцыянты неаднойчы выклікалі Марука «на размову» пасьля выхаду на сайце рэпартажу пра «марш недармаедаў» у Брэсьце. 28 сакавіка мужчына прыйшоў у міліцыю па іншых справах і быў затрыманы.

Журналіст кажа, што супрацоўнікі Ленінскага РАУС білі яго галавой аб сьцяну, кінулі на падлогу, спрабавалі сталовай лыжкай расьціскаць зубы, каб забраць схаваную ім флэш-карту.

Пасьля гэтага Марук зафіксаваў пабоі і хацеў, каб пакаралі міліцыянтаў, якія зьбілі яго ў пастарунку. Сьледчы камітэт амаль тры месяцы разглядаў яго заяву і нарэшце даў адказ, што няма падставаў заводзіць справу.

«З адказу вынікае, што міліцыянты дзейнічалі ў межах закона, а ўсталяваныя ў Ленінскім РАУС відэакамэры не зафіксавалі фактаў майго зьбіцьця«, –распавёў журналіст. Марук адзначае, што апошнім часам сьледчыя вельмі цікавіліся падрабязнасьцямі яго судова-мэдычнай экспэртызы: яны былі схільныя разглядаць вэрсію, быццам мужчына сам сабе нанёс пашкоджаньні і зрабіў ілжывы данос на супрацоўнікаў міліцыі. Аднак у выніку на яго справу таксама вырашылі не пачынаць.

euroradio.fm/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт