«Гавары праўду» заклікала ўлады адмовіцца ад удзелу ў канфліктах за мяжой
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Valery Sauko
                        
                        06.07.2017 16:51
                    
                                 
                
                
                    «Гавары праўду» выступае супраць таго, каб беларускія вайскоўцы ўдзельнічалі ў ваенных апэрацыях за межамі Беларусі.
                
                
                    
                        
Беларускія салдаты падчас вучэньняў www.mil.by
                     
                
                
                
               
                
                         Кампанія «Гавары праўду» заклікала Аляксандра Лукашэнку, а таксама ўрад і парлямэнт Беларусі «адмовіцца ад любога фармату ўдзелу краіны ў ваенным канфлікце ў Сырыі, а таксама ў іншых канфліктах, захоўваць нэйтралітэт, спрыяючы мірнаму, дыпляматычнаму рашэньню канфліктаў». Пра гэта гаворыцца ў заяве арганізацыі, зарэгістраванай у якасьці рэспубліканскага дасьледча-асьветніцкага грамадзкага аб'яднаньня.
 
 «Гавары праўду» выступае супраць таго, каб «беларускія вайскоўцы ў любым статусе ўдзельнічалі ў ваенных апэрацыях за межамі Рэспублікі Беларусь». «Гэта супярэчыць нацыянальным інтарэсам нашай краіны», - падкрэсьліваюць у арганізацыі.
 
 «Нэйтральны статус Беларусі ў дачыненьні да канфліктаў дазваляе разьвіваць Менск як пляцоўку для мірных перамоваў, умацоўваючы міжнародную ролю Беларусі ў рэгіёне, забясьпечваючы нашым грамадзянам мір і гарантыі бясьпекі», - падкрэсьліваецца ў заяве.
 
 Пра тое, што Расея зьвярнулася да краін СНД з прапановай разгледзець пытаньне аб магчымасьці накіраваньня кантынгенту ў Сырыю для сумеснага маніторынгу ў зонах дээскаляцыі, заявіў кіраўнік расейскай дэлегацыі на перамовах па Сырыі ў Астане Аляксандр Лаўрэнцьеў.
6 ліпеня на брыфінгу ў Менску прэс-сакратар МЗС Дзьмітрый Мірончык заявіў, што Беларусь пакуль не атрымлівала афіцыйных прапаноў па лініі СНД аб накіраваньні беларускіх міратворцаў у Сырыю.
naviny.by/вс