Праз паўгода праваабаронцу пакаралі штрафам за «Марш недармаедаў» 17 лютага
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
06.07.2017 13:53
Суд замяніў 13 сутак арышту, якімі Алега Воўчака пакаралі раней, штрафам у 25 базавых велічыняў (575 рублёў).
Алег Воўчак у судзе Фота: сайт "Эўрарадыё"/Натальля Гарачка
Праз паўгода пасьля «Марша недармаедаў», які адбыўся 17 лютага, у Менску за ўдзел у ім асуджаны праваабаронца Алег Воўчак. Падчас пасяджэньня Волчака зь гіпэртанічным крызам забрала «хуткая», але судзьдзя Яўген Пісарэвіч не спыніў разгляду справы. І ў выніку замяніў 13 сутак арышту, якімі Воўчака пакаралі раней, штрафам у 25 базавых велічыняў (575 рублёў).
Першае пакараньне за ўдзел у «Маршы недармаедаў» – 13 сутак арышту – Воўчак атрымаў неўзабаве пасьля акцыі. Але падчас судовага пасяджэньня праваабаронцы не было ў Беларусі, таму ён не адправіўся ў ізалятар, а абскардзіў пастанову суда.
Справа была перагледжаная, пакараньне пакінутае ў сіле, але Воўчак ізноў здолеў абскардзіць рашэньне судзьдзі. І вось, на трэцім пасяджэньні адміністрацыйны арышт заменены штрафам.
У залі прысутнічалі шматлікія праваабаронцы, у тым ліку – спэцдакладчык ААН па пытаньнях правоў чалавека ў Беларусі Міклаш Харашці, які прыехаў у Менск, каб паўдзельнічаць у нефармальных мерапрыемствах сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.
эўрарадыё/вс