Logo Polskiego Radia
Print

Апошнія фігуранты «справы патрыётаў» выпушчаныя з СІЗА

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 30.06.2017 14:37
Лукашэнка хоча ўтрымаць добрыя стасункі з Захадам і палепшыць імідж напярэдадні паседжаньня Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.
pixabay.com/CC0 Public Domain

Апошнія двое фігурантаў «справы патрыётаў» выйшлі ў пятніцу са сьледчага ізалятару. Кіраўнік Сьледчага камітэту Беларусі Іван Наскевіч заявіў, што «асабіста кантралюе сьледзтва», і што ўтрыманьне падазраваных пад вартай ужо не зьяўляецца мэтазгодным.

У пятніцу на волю быў выпушчаны Віктар Мароз. Па заявах супрацоўнікаў СІЗА КДБ, на волю быў выпушчаны і другі вязень – Міраслаў Лазоўскі. Усе фігуранты справы застаюцца пад падпіскай аб нявыезьдзе й падпіскай аб неразгалошаньні дэталяў сьледзтва.

Пачынаючы з аўторку, беларускія ўлады выпусьцілі на свабоду 14 чалавек, якіх абвінавачвалі ў стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня.

Беларускія палітолягі заяўляюць, што ўлады Беларусі шукаюць магчымасьці спыніць крымінальную справу, распачатую ў сакавіку гэтага году на хвалі масавых сацыяльных пратэстаў. Аляксандар Лукашэна хоча ўтрымаць добрыя стасункі з Захадам і палепшыць свой імідж напярэдадні паседжаньня Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якая пачнецца 5 ліпеня ў Менску.

Масавыя арышты пачаліся ў Беларусі 21 сакавіка, калі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што спэцслужбам удалося прадухіліць «узброеныя правакацыі», якія рыхтавалі баевікі, «што трэніраваліся ва Ўкраіне, Летуве й Польшчы». Усяго абвінавачаньні ў «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў» і «стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня» былі прад’яўленыя 35 асобам.

PAP/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт