Logo Polskiego Radia
Print

Упершыню за 11 гадоў улады вяртаюць «Вольнае Глыбокае» ў падпіску

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 25.05.2017 13:19
Гэтаму факту былі зьдзіўленыя як работнікі пошты, так і чытачы ды сама рэдакцыя газэты.
photo: БАЖ

Праз 11 год забароны вяртаецца ў падпісныя каталёгі недзяржаўнае выданьне «Вольнае Глыбокае». Гэтаму факту былі зьдзіўленыя як работнікі пошты, так і чытачы ды сама рэдакцыя газэты.

Па словах галоўнага рэдактара «Вольнага Глыбокага» Ўладзіміра Скрабатуна, ён ужо і не спадзяваўся на гэта. «Я думаў, што да скону веку разам з газэтай так і застануся ў «чорных сьпісах» улады», – прызнаецца Скрабатун.

Пра тое, што «Вольнае Глыбокае» занесены ў негалосны «чорны сьпіс», журналістам паведамілі ў «Белпошце» адзінаццаць год таму. У той час газэта набірала падпісны абарот, на яе пачалі масава падпісвацца ня толькі людзі з раёна, але і зь іншых гарадоў. Але потым у працэс умяшалася палітыка, і пасьля прэзыдэнцкіх выбараў з газэтай усе паштовыя аддзяленьні скасавалі дамовы.

«У газэце вельмі шмат гістарычных і краязнаўчых матэрыялаў, і калі дзяржаве не патрэбная гісторыя, то я ня ведаю тады, што гэта за дзяржава», – так у той час сытуацыю камэнтаваў галоўны рэдактар газэты «Вольнае Глыбокае».

Цікава, што газэта ў невялікай колькасьці распаўсюджваецца праз кіёскі «Віцебскаблсаюздрука» ўжо некалькі год запар.

Уладзімір Скрабатун прызнаецца, што не асабліва спадзяецца на тое, што наклад газэты значна ўзрасьце. Бо, як ён кажа, у людзей няма грошай на газэту. Ён нават ведае такія выпадкі, калі адну газэту купляе ўся вёска і потым па чарзе яе чытае. А раней там, да прыкладу, праз рэдакцыю выпісвалі ці куплялі на рынку па 12-15 штук. Пра гэта яму кажуць самі людзі.

БАЖ/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт