Вольскі прэзэнтаваў новы кліп, запісаны разам з гуртамі й фанатамі
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
28.04.2017 16:09
Лявон Вольскі прэзэнтаваў кліп «Сьпявайце», зьняты рэжысёрам Мацеем Сабуравым.
screen кліпа
У ім аб’ядналіся ўдзельнікі краўдфандынгу альбома «Псіхасаматыка» і музыкі з Беларусі, Летувы, Украіны, Расеі й Нямеччыны.
Сярод музыкаў у кліпе ўзялі удзел разнастайныя прадстаўнікі беларускай сцэны: ад Akute, «J:морс», «Без билета», Trubetskoy, Gods Tower, «Дай дарогу!», Re1ikt, Tonqixod. Акрамя таго свае відэа даслалі гурты «Тартак» (Украіна) и Biplan (Летува), лідар гурта «Наив» (Расея) і аўтар-выканаўца Stoppok (Нямеччына).
— Так атрымалася, што кліп аб'яднаў тых, хто звычайна знаходзіцца на сцэне і тых, хто перад сцэнаю, — кажа Лявон Вольскі. — Людзі, якія ахвяроўвалі грошы, — яны з розных краінаў, маюць розныя прафэсіі, розны ўзрост, розны жыцьцёвы досьвед. Музыкі — таксама з розных гуртоў, з розных краінаў, граюць у розных стылях. Таму атрымаўся гэткі інтэграцыйны кліп. Мне падаецца, што інтэграцыя — аб'яднаньне музыкаў з музыкамі, слухачоў са слухачамі, музыкаў са слухачамі — гэта тое, чаго нам цяпер вельмі бракуе. Гэтая інтэграцыя, узаемаразуменьне — тое, што мусіць усіх нас выратаваць.
8 траўня Лявон Вольскі з беларуска-нарвежскім калектывам прадставіць у Вільні вялікую праграму «172», якая ахопіць усе пэрыяды яго творчасьці: ад гурта «Мроя» да найноўшага сольнага альбома «Псіхасаматыка». Кошты квіткоў: танцпляц — 49 руб., месца за столікам — 69 руб. Інфармацыя па квітках і аўтобусных турах на сайце www.turmuz.by.
nn.by/яс