Некаторым замежнікам у Беларусі дазволяць не запаўняць міграцыйныя карты
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
13.04.2017 14:01
У прыватнасьці тым, хто ўяжджае ў Беларусь, каб наведаць толькі яе, без далейшага транзыту ў Расею.
Нацыянальны аэрапорт «Менск»commons.wikimedia.org/Vasyatka1/CC BY-SA 4.0
Некаторыя замежнікі змогуць не запаўняць міграцыйную карту пры візыце ў Беларусь. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар МЗС Дзьмітрый Мірончык на брыфінгу ў чацьвер.
Такое пагадненьне было дасягнутае на пасяджэньні міжведамаснай беларуска-расейскай рабочай групы па міграцыйнай палітыцы, якое прайшло ў Горадні на мінулым тыдні. Паводле словаў дыплямата, беларускі бок на пасяджэньні адказаў на ўсе расейскія пытаньні, якія датычылі візавай тэматыкі.
Падпісаны пратакол да пагадненьня аб міграцыйнай карце 2004 года яшчэ павінен прайсьці ратыфікацыю. Але калі ён набудзе моц, то міграцыйную карту змогуць не запаўняць дзьве катэгорыі замежнікаў:
– тыя, хто ўязджае ў РФ пры наяўнасьцi дазволу на часовае й пастаяннае пражываньне ў Расеі;
– тыя, хто ўяжджае ў Беларусь, каб наведаць толькі яе, без далейшага транзыту ў Расею.
Таксама на пасяджэньні абмяркоўвалася тэма ўзаемнага прызнаньня візаў ды іншых дазволаў на ўезд для транзыту. Паводле словаў Мірончыка, гэтая праблема стала актуальная з восені мінулага года, калі Расея перастала пускаць замежнікаў празь беларуска-расейскую мяжу.
tut.by/эўрарадыё/вс