Максіма Філіповіча будуць судзіць у чацьверты раз
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
04.04.2017 12:36
Блёгер, які выступаў супраць «падатку на дармаедзтва» правёў пад арыштам ужо больш за 20 сутак.
Максім Філіповіч. Фота: Радыё "Свабода"svaboda.org (RFE/RL)
Гомельскага блёгера Максіма Філіповіча, які цяпер знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня ў Гомелі ўжо больш за 20 дзён, зноў, ужо чацьвёрты раз, будуць судзіць за ўдзел у акцыях супраць дэкрэту «аб дармаедах». Пра гэта паведамляе інфармагенцтва БелаПАН.
На Максіма Філіповіча складзены новы адміністрацыйны пратакол – за ўдзел у мітынгу ў Пінску 11 сакавіка.
13 сакавіка суд Цэнтральнага раёну Гомеля завочна пакараў блёгера арыштам на 13 сутак за яго ўдзел у гомельскім «Маршы недармаедаў» 19 лютага. З хаты бацькоў Максіма Філіповіча забраў АМАП.
Падчас адбыцьця пакараньня ў ізалятары часовага ўтрыманьня 23 сакавіка Філіповіча зноў судзілі – за ўдзел у мітынгу ў Берасьці. Судзьдзя Аляксандар Мохараў пакараў яго арыштам на пяць сутак.
31 сакавіка блёгер павінен быў выйсьці на свабоду. Каля будынка ізалятара яго чакалі жонка, маці й сябры. Але дзяжурны паведаміў, што Філіповічу дадалі яшчэ 7 сутак арышту – за ўдзел у «Маршы недармаедаў» у Маладэчне. Адміністрацыйную справу за ўдзел у мітынгу ў Маладэчне разглядаў 29 сакавіка суд Савецкага раёну Гомеля. Судзьдзя Алена Шайн пакарала блёгера арыштам на сем сутак.
Пакуль невядома, калі адбудзецца чарговы суд – за ўдзел у «Маршы недармаедаў» у Пінску. На гэтай акцыі Філіповіч здымаў відэа для свайго каналу на Youtube.
Naviny.by/ап