Беларускія ўлады называюць паводзіны спэцслужбаў "адэкватнымі"
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
26.03.2017 16:56
Адмысловую заяву наконт падзей на Дзень Волі выдаў прэс-сакратар МЗС Беларусі.
Foto: IAR/ Łukasz Kowalski
Дзеяньні праваахоўных структур 25 сакавіка былі абсалютна адэкватнымі, гаворыцца ў камэнтары прэс-сакратара МЗС Беларусі Дзьмітрыя Мірончыка на заявы Эўразьвязу, ЗША і заходніх палітыкаў пра падзеі ў Беларусі 25 сакавіка.
«Хачу адзначыць, што права грамадзян на мірныя сходы і свабоднае выказваньне меркаваньня замацавана ў Канстытуцыі нашай краіны. Аднак ключавое слова тут – »мірныя«. Калі ж да месца мерапрыемства падвозяць »кактэйлі Молатава«, падганяюць аўтамабілі са зброяй, падключаюць анархістаў, то назваць такую акцыю »мірнай« язык не паварочваецца», – сказаў Мірончык.
Паводле яго слоў, ва ўмовах нарастаньня і пашырэньня геаграфіі тэрарыстычнай пагрозы ўладам «важна быць асабліва пільнымі, дзейнічаць на апярэджаньне, а не разграбаць» наступствы«. »Менавіта такі ўрок мы вынесьлі з нядаўніх тэрарыстычных актаў у Лёндане, Бэрліне, Парыжы, Бруселі, Ніцы. Менавіта гэтым кіраваліся беларускія ўлады 25 сакавіка. Галоўнай задачай было арганізаваць бясьпеку грамадзян і не дапусьціць кровапраліцьця, асабліва з улікам наяўнай інфармацыі пра правакацыі, якія рыхтаваліся«, – сказаў Мірончык.
Ён адзначыў, што акцыя ў Мінску 25 сакавіка была несанкцыянаванай. »Удзел у несанкцыянаваных акцыях цягне канкрэтныя наступствы ў любой краіне сьвету. І што «неэўрапейскага» змаглі разгледзець у дзеяньнях нашых праваахоўных органаў заходнія палітыкі? У Мінску разганялі дэманстрантаў вадамётамі? Можа быць, распылялі газ? Не. І, дзякуй богу. Абышлося без ахвяр, – сказаў Мірончык. – Дзеяньні праваахоўных структур былі абсалютна адэкватнымі. І калі быць пасьлядоўнымі, то тады эўрапейскім інстытутам і палітыкам трэба выказваць «занепакоенасьць» і шматлікімі затрыманьнямі напярэдадні сьвяткаваньня юбілею Рымскага дагавора 25 сакавіка, актыўным выкарыстаньнем пры разгоне дэманстрацый у эўрапейскіх сталіцах вадамётаў, газу і іншых спэцсродкаў«.
»Але, напэўна, прасьцей па звычцы «пад мікраскопам» разглядаць Беларусь. І не заўважаць пры гэтым, што санкцыянаваныя акцыі ў шэрагу гарадоў нашай краіны ў той жа дзень прайшлі без якіх-небудзь інцыдэнтаў. Лічым неабходным працягваць дыялёг і ўзаемадзеяньне з нашымі замежнымі партнэрамі ў мэтах лепшага разуменьня пазыцый адзін аднаго«, – дадаў прэс-сакратар.
Эўразьвяз распаўсюдзіў заяву, у якой гаворыцца, што задушэньне свабоды выказваньня і сходаў супярэчыць абвешчанай рэспублікай палітыцы дэмакратызацыі і яе міжнародным абавязацельствам. »Захады, зробленыя Беларусьсю для захаваньня ўнівэрсальных асноўных свабод, вяршэнства закона і правоў чалавека, будуць заставацца ключом да фармаваньня адносін Эўрапейскага Зьвязу з краінай«, – гаворыцца ў заяве.
БелаПАН/нг