Logo Polskiego Radia
Print

26 чалавек падазраюцца ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 24.03.2017 08:40
КДБ распачала крымінальную справу па факце навучаньня і падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках.
Галоўны будынак КДБ у Менску па праспэкце Незалежнасьці Галоўны будынак КДБ у Менску па праспэкце Незалежнасьці commons.wikimedia.org/Gruszecki/CC BY-SA 3.0

У межах крымінальнай справы аб падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў затрыманыя 26 чалавек

У межах распачатай КДБ крымінальнай справы па факце навучаньня і падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках затрыманыя 26 чалавек, праведзеныя 29 вобыскаў.

Пра гэта паведамілі вечарам 23 сакавіка тэлеканалы ОНТ і «Беларусь 1».

Падчас вобыскаў апэратыўнікі знайшлі аўтамат Калашнікава, тры карабіны, два пісталеты, патроны, некалькі гранат, дубінкі, кідальныя нажы і сякеры. Канфіскаваныя таксама «рэчывы для вырабу выбуховых прылад», ваенная форма, бронекамізэлькі, мэдыцынскія аптэчкі «натаўскага ўзору», дапаможнік па вядзеньні баявых дзеяньняў у гарадзкіх умовах і атрыбутыку ўкраінскага дабравольніцкага батальёна «Азоў» і тактычнай групы «Беларусь», якія ўдзельнічаюць у баях на Данбасе на баку Кіева.

Як паведаміў ОНТ, паводле зьвестак спэцслужбаў, выразнага пляну на Дзень Волі ў Менску 25 сакавіка ў арганізатараў няма, як няма і «дакладна сфармаванай групы актывістаў».

Згодна з інфармацыяй ОНТ, у Стаўбцоўскім раёне знойдзены тайнік, які належыць «Беламу легіёну», з гермэтычна спакаванымі кавалкамі жалезнай арматуры і двума столітровымі плястыкавымі ёмістасьцямі. У адной ёмістасьці была арматура, у другой – шэсьць гранат (тры Ф-1 і тры РГД-5) і шэсьць запалаў да іх.

У праваабаронцаў ёсьць інфармацыя аб 23 затрыманых.

Затрыманьні пачаліся пасьля заявы Аляксандра Лукашэнкі аб «баевіках, якія рыхтуюць правакацыю са зброяй». 21 сакавіка падчас рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласьць ён, у прыватнасьці, заявіў: «Мы ўжо некалькі дзясяткаў затрымалі (не тых, што ў аўтобусах, анархістаў з маскамі), якія трэніраваліся ў лягерах з зброяй. Дарэчы, адзін з лягераў быў у раёне Бабруйска і Асіповічаў. Астатнія лягеры – ва Украіне. Па-мойму, у Літве ці ў Польшчы, не буду сьцьвярджаць, але недзе там. Грошы ішлі цераз Польшчу і Літву да нас. Мы літаральна ў гэтыя гадзіны затрымалі пару дзясяткаў баевікоў, якія рыхтавалі правакацыю са зброяй».

БелаПАН/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт