Сустрэчы з сусьветнавядомай Юяй Вісландэр
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
22.03.2017 16:35
Швэдзкая пісьменьніца прыехала на прэзэнтацыю беларускага перакладу сваёй кнігі «Хутчэй, Мама Му!»
22-24 сакавіка 2017 года Пасольства Швэцыі пры падтрымцы Савета паўночных краін ладзіць у Менску цыкл сустрэч з выбітнай дзіцячай пісьменьніцай Юяй Вісландэр, аўтаркай сусьветна вядомай сэрыі казак пра Маму Му і Крумкача.
Падчас сустрэчаў швэдзкая пісьменьніца пазнаёміць маленькіх чытачоў з чарговай кніжкай «Хутчэй, Мама Му!», якая пабачыла сьвет па-беларуску дзякуючы супольным намаганьням перакладчыцы Надзеі Кандрусевіч і выдавецтва «Логвінаў». Падарункам для дзетак стане таксама выступ лялечнага тэатра «Лямцавая батлейка», які прапануе сваю вэрсію новай кніжкі пра прыгоды незвычайнай каровы і яе вясёлага сябра крумкача. Завершыць мерапрыемства невялічкі майстар-кляс, на якім дзеткі самі зробяць сувэнір на памяць пра цікавае знаёмства. Напрыканцы кожны, хто пажадае, зможа ўзяць аўтограф у Юі Вісландэр і сфатаграфавацца з яе цудоўнымі пэрсанажамі.
У рамках візіту швэдзкай пісьменьніцы адбудзецца таксама сустрэча-размова на тэму «Як напісаць дзіцячую кнігу?», у якой возьмуць удзел Юя Вісландэр і паэтка ды перакладчыца Вольга Гапеева.
Сустрэчы будуць праходзіць 22, 23 і 24 сакавіка. Падрабязнасьці можна знайсьці на сайце Саюза беларускіх пісьменьнікаў.
lit-bel.org/ав