БДІПЧ АБСЭ заклікае Менск паважаць правы грамадзян
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
18.03.2017 17:11
Міхаэль Георг Лінк заклікае ўлады не выкарыстоўваць санкцый для задушэньня іншадумства.
Міхаэль Георг Лінк.Фота: osce.org
Заклапочанасьць у сувязі зь інфармацыяй пра штрафы й затрыманьні дзясяткаў удзельнікаў пратэстаў і праваабаронцаў у Беларусі выказаў дырэктар Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЭ Міхаэль Георг Лінк.
„Шматлікія штрафы й нават арышты дэманстрантаў і арганізатараў (акцый пратэсту. — БелаПАН.) уяўляюцца празьмернымі абмежаваньнямі іх права на свабоду мірных сходаў, — цытуе Лінка прэс-служба АБСЭ. — Я заклікаю ўлады Беларусі гарантаваць, каб любыя санкцыі ці штрафы былі суразьмерныя фактычнай правіне й не выкарыстоўваліся як сродак для задушэньня іншадумства й права на свабоду меркаваньняў”.
Як адзначыў дырэктар БДІПЧ, улады, рыхтуючыся да масавай акцыі супраць дэкрэта аб падатку на „дармаедзтва”, павінны „зрабіць усё, каб аказаць садзейнічаньне ўсім мірным дэманстрацыям, а ў выпадку якіх-небудзь інцыдэнтаў рэагаваць на іх у адпаведнасьці са сваімі абавязкамі ў галіне правоў чалавека”.
Масавыя акцыі пратэсту з патрабаваньнем адмены дэкрэта № 3 аб сацыяльным утрыманстве праходзяць у розных гарадах Беларусі зь лютага.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, за апошнія два тыдні за ўдзел у мірных акцыях пратэсту (супраць дэкрэта № 3 і ў абарону Курапатаў) было затрымана больш за 200 чалавек.
25 сакавіка ў Менску й іншых гарадах краіны плянуецца акцыя з нагоды Дня Волі, які штогод адзначае беларуская апазыцыя.
belapan.com/аз