Беларускія школьнікі сталі лідарамі па пасадцы дрэў
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
18.03.2017 15:12
Яны перамаглі вычняў са 150 краін сьвету, якія ўдзельнічалі ў Міжнароднай алімпіядзе па пасадцы дрэў.
Photo: pixabay.com
Беларускія школьнікі сталі лідарамі па пасадцы дрэў сярод 150 краін сьвету. Такая інфармацыя разьмешчана на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі.
Нядаўна ў Фінляндыі падвялі вынікі Міжнароднай алімпіяды па пасадцы дрэў „ENO Treelympics 2016”, у якой прынялі ўдзел 623 школы з усіх кантынэнтаў. Беларусь стала пераможцам трэці год запар. Усяго за час алімпіяды было пасаджана 3,2 млн дрэў, зь іх 2,2 млн пасадзілі беларускія ўдзельнікі. На другім месцы Турцыя - 840 тыс. дрэў.
У залік ішлі толькі дрэвы, зарэгістраваныя на афіцыйным сайце й пацьверджаныя адпаведнымі дакумэнтамі, напрыклад, нарадамі зь лясьніцтваў. У адпаведнасьці з умовамі праекта, дрэвы павінны саджаць школьнікі або выхаванцы дзіцячых садоў, іх бацькі й пэдагогі.
Зь дзесяці школ сьвету, якія пасадзілі найбольшую колькасьць дрэў, дзевяць беларускіх і адна турэцкая. Абсалютнымі лідарамі сталі вучні ДУ „Падароскі вучэбна-пэдагагічны комплекс дзіцячы сад - сярэдняя школа” з Ваўкавыскага раёна Гарадзенскай вобласьці, якія пасадзілі 202 358 дрэў. Гэта самы высокі рэзультат за ўсю гісторыю алімпіяды. Цікава, што перамагла сельская школа, у якой навучаюцца ўсяго 96 дзяцей.
Пераможцы алімпіяды будуць узнагароджаны на канфэрэнцыі „Дзейнічай цяпер” 14-17 чэрвеня 2017 году ў Фінляндыі
belta.by/аз