Спэцдакладчык ААН: сытуацыя ў Беларусі можа пагоршыцца
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
16.03.2017 15:01
Міклаш Харашці заклікаў беларускія ўлады спыніць гвалт і перасьлед у дачыненьні да дэманстрантаў.
pixabay.com/Public Domain CC0
Спэцыяльны дакладчык ААН па правах чалавека ў Беларусі Міклаш Харашці заклікаў беларускія ўлады спыніць акты гвалту й перасьледу ў дачыненьні да дэманстрантаў ды паважаць свабоду мірных сходаў.
„Я ўважліва сачу за разьвіцьцём сытуацыі, паколькі паведамленьні, якія заслугоўваюць даверу, гавораць аб арышце прынамсі 70 чалавек, якія мірна пратэставалі супраць указу [аб дармаедах — РС], а таксама 18 журналістаў, якія асьвятлялі падзеі”, — заявіў спадар Харашці.
„У выніку гвалтоўнай рэакцыі ўладаў, якая нагадвае [рэакцыю на дэманстрацыі ў 2010 годзе — РС], сытуацыя стала дастаткова няўстойлівай для таго, каб зьмяніцца ў бок пагаршэньня. Небясьпека эскаляцыі ўжо часткова матэрыялізавалася, паколькі некалькі лідэраў апазыцыі, у прыватнасьці Анатоль Лябедзька й Віталь Рымашэўскі, былі прысуджаныя да пазбаўленьня волі на два тыдні”, — падкрэсьліў Харашці.
Мандат спэцдакладчыка ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі дзейнічае з 2012 году. З моманту яго ўвядзеньня ААН прызначае спэцдакладчыкам Міклаша Харашці, былога прадстаўніка АБСЭ па свабодзе СМІ. Афіцыйны Менск не прызнае гэтага мандату й не супрацоўнічае са спэцдакладчыкам.
svaboda.org/аз