Logo Polskiego Radia
Print

На Берасьцейшчыне канфіскавана больш за 15 тон алькаголю

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 02.03.2017 15:18
З пачатку 2017 году ў рэгіёне за незаконны абарот алькаголю да адказнасьці былі прыцягнутыя 296 чалавек.
photo: pixabay.com/CC0

У Берасьцейскай вобласьці з пачатку бягучага году канфіскавана больш за 15 тон фальсыфікаваных сьпіртных напояў, у тым ліку звыш 3 тон сьпірту й сьпіртазьмяшчальнай вадкасьці, больш за 12 тон самагоннай брагі й самагону.

Пра гэта паведаміў начальнік упраўленьня аховы правапарадку й прафіляктыкі УУС Берасьцейскага аблвыканкама Генадзь Вайтовіч. Паводле яго, за гэты пэрыяд часу ў рэгіёне за незаконны абарот алькаголю й яго сурагатаў да адміністрацыйнай адказнасьці прыцягнута 296 чалавек. Зараз міліцыя праводзіць праверку па факце канфіскацыі ў непрацуючага жыхара Берасьця буйной партыі сьпіртазьмяшчальнай вадкасьці.

1 сакавіка супрацоўнікі праваахоўных органаў недалёка ад Бярозы спынілі „Аўдзі 100”, якім кіраваў гэты грамадзянін. Ён на прычэп-ляфеце перавозіў няспраўны „Мэрседэс Е200”. У гэтых аўтамабілях выяўлена 153 плястыкавыя каністры, у якіх знаходзілася 765 літраў сьпіртазьмяшчальнай вадкасьці.

Дакумэнтаў на тавар у мужчыны не было. Гэтая вадкасьць коштам 4.340 рублёў канфіскаваная. Берасьцейцу пагражае штраф да 100 базавых велічынь з канфіскацыяй тавару.
Як зазначыў Вайтовіч, за аналягічны пэрыяд 2016 году ў вобласьці было канфіскавана больш за 10 тон фальсыфікаваных сьпіртных напояў, да адміністрацыйнай адказнасьці прыцягнута 428 чалавек.

belapan.com/racyja.com/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт