Летува ня будзе купляць беларускай электраэнэргіі
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
22.02.2017 10:38
Партыі Летувы дамовіліся й рыхтуюць законапраект аб забароне імпарту ўсіх відаў электраэнэргіі зь Беларусі.
foto: pixabay.com
Аб гэтым паведаміў сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі, які 21 лютага прыняў удзел у слуханьнях у Сэйме Летувы, арганізаваных групай «За дэмакратычную Беларусь». Гэта група, у якую ўваходзяць прадстаўнікі ўсіх палітычных партый летувіскага парлямэнту – як кіруючых, так і апазыцыйных.
Тэмай было абмеркаваньне сытуацыі ў Беларусі ў сувязі са стасункамі з Расеяй, а таксама будаўніцтва Астравецкай АЭС.
Стала вядома, што палітычныя партыі Летувы падпісалі пагадненьне й рыхтуюць законапраект аб забароне імпарту ўсіх відаў электраэнэргіі зь Беларусі. Летувісы будуць працаваць над тым, каб да гэтага рашэньня далучыліся й іншыя краіны, якія мяжуюць зь Беларусьсю.
«Лічу, што за гэта адказныя перш за ўсё беларускія ўлады, якія ад пачатку праводзілі такую бяздарную палітыку, не далучалі да экспэртыз прадстаўнікоў Летувы й не праводзілі падобных слуханьняў зь летувіскімі палітыкамі й экспэртамі. За такую бяздарную палітыку будуць расплачвацца нашы нашчадкі», – адзначыў Віталь Рымашэўскі, выказаўшы занепакоенасьць і пытаньнем бясьпекі БелАЭС.
Апроч таго, паведаміў сустаршыня БХД, паводле прадстаўніка кіруючай партыі, вучэньні «Захад 2017», якія плянуюць Беларусь і Расея, летувіскі бок разглядае як варожую акцыю ў дачыненьні да Вільні й ЭЗ у сувязі з агрэсіяй Расеі ва Ўкраіне. «Гэта таксама вельмі нэгатыўны сыгнал, бо вучэньні праводзяцца на тэрыторыі Беларусі, што дыскрэдытуе Беларусь у вачах міжнароднай супольнасьці», – падкрэсьліў Віталь Рымашэўскі.
bchd.info/яс