Logo Polskiego Radia
Print

Замежныя пакупнікі не сьпяшаюцца ў Беларусь

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 21.02.2017 18:57
За год у Беларусі не прайшло ніводнай зьдзелкі па прыватызацыі дзяржпрадпрыемстваў.
www.pixabay.com

У мінулым годзе ў Беларусі не адбылося ніводнай зьдзелкі па прыватызацыі дзяржпрадпрыемстваў. «Не было нават ніводнай прапановы інвэстара, за якога мы маглі б зачапіцца», — прызнаўся першы намесьнік старшыні Дзяржкаммаёмасьці Аляксей Васільеў.

Дзяржава вырашыла трохі зьмяніць падыходы й прапанавала інвэстарам новую магчымасьць: ня проста купіць прадпрыемства, а ўкласьціся ў яго за кошт дадатковага выпуску акцый. Такая дадатковая эмісіі дазваляе пазьбегнуць падвойнага фінансаваньня праекту. У сьпісе зараз 22 арганізацыі. Сярод іх — «Гарызонт», «БАТЭ», «Віцязь» і «Гомсельмаш».

Пералік гэты не канчатковы, а стаўка зробленая на кітайскіх пакупнікоў.

У выпадку з дадатковай эмісіяй бізнэс атрымлівае магчымасьць уліваньня грошай непасрэдна ў само прадпрыемства, атрымліваючы за гэта працэнт акцый.

Прадстаўнік ДКМ нагадаў, што Беларусь гатовая прадаць любое дзяржпрадпрыемства, але зыходзячы зь яго рэальнага кошту. Ня выключана, што ў найбліжэйшай будучыні пакеты акцый да 25% будуць таргавацца на фондавай біржы.

Пошук стратэгічных партнэраў для буйных дзяржпрадпрыемстваў замацуюць за Нацыянальным агенцтвам інвэстыцый і прыватызацыі.

tut.by/вс


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт