Зь Беларусі дэпартавалі расейскага правакатара
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
21.02.2017 17:40
Зь Беларусі дэпартавалі расейца, які спрабаваў сарваць у Менску прэс-канфэрэнцыю спэцпрадстаўніка АБСЭ.
Шэўрон Памежнай службы Рэспублікі Беларусь www.gpk.gov.by
Зь Беларусі дэпартавалі расейца, які спрабаваў сарваць у Менску прэс-канфэрэнцыю спэцпрадстаўніка АБСЭ ў трохбаковай кантактнай групе па ўрэгуляваньню сытуацыі ў Данбасе Марціна Сайдзіка. Здарэньне адбылося ўвечары 15 лютага ў «Прэзыдэнт-гатэлі».
У момант выхаду Сайдзіка да журналістаў чацьвёра актывістаў незарэгістраванай нацыяналістычнай партыі «Іншая Расея» пачалі выкрыкваць лёзунгі й раскідваць лістоўкі. Прэс-канфэрэнцыя прайшла пазьней. Аднаго з удзельнікаў акцыі, грамадзяніна Расеі Цімафея Ермакова, затрымалі й асудзілі на 5 сутак адміністрацыйнага арышту (за парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў). МЗС Беларусі назвала гэтае здарэньне правакацыяй.
Ермакоў адсядзеў пяць сутак. Калі тэрмін пакараньня скончыўся, яго адправілі на радзіму, інфармуе БелТа са спасылкай на МУС.
эўрарадыё/вс