За тры гады ў Беларусі зьнішчана 100 тысяч дзікоў
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Anna Zadrożna
                        
                        08.02.2017 16:03
                    
                                 
                
                
                    Цяпер Міністэрства лясной гаспадаркі прыглядаецца да ваўкоў. 
                
                
                    
                        
photo: pixabay.com/Creative Commons CC0 
                     
                
                
                
               
                
                          За апошнія тры гады ў лясах Беларусі было зьнішчана 100 тысяч дзікоў, паведаміў 8 лютага на прэс-канфэрэнцыі ў Менску міністар лясной гаспадаркі Міхаіл Амельяновіч.
Ён нагадаў, што рашэньне аб зьнішчэньні дзікоў, якія разносяць афрыканскую чуму сьвіней, было прынятае ў 2013 годзе, калі ў Гарадзенскай і Віцебскай абласьцях фіксаваліся ўспышкі АЧС. На сёньня, паводле слоў міністра, у краіне налічваецца 2,6 тысячы асобінаў дзікоў.
Што тычыцца папуляцый іншых дзікіх зьвяроў у беларускіх лясах, то яны павялічваюцца, паведаміў Амельяновіч. Гэта, у прыватнасьці, тычыцца аленяў, казуль і іншых жывёл. Ён таксама закрануў тэму папуляцыі ваўкоў. Пры аптымальнай колькасьці для Беларусі 500-600 асобін на ўліку ў 2016 годзе было 1.637 ваўкоў, паведаміў чыноўнік.
Сёлета, паводле яго слоў, вядзецца падлік ваўкоў у лясах, асабліва ў заказьніках, дзе іх жыве вялікая колькасьць. „Воўк наносіць вялікія страты хатняй жывёлагадоўлі. Трэба захоўваць папуляцыю, але не ў такой колькасьці”, — падкрэсьліў Амельяновіч.
Ваўкі, паводле яго, зьнішчаюць жывёл і ў запаведніках: адзін воўк на працягу году зьядае 1,5 тоны мяса.
belapan.com/nn.by/аз