У Беларусь зь інспэкцыяй прыехала місія МАГАТЭ
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
16.01.2017 16:18
Праверка БелАЭС працягнецца да 20 студзеня, а справаздача зьявіцца ў сакавіку.
здымак ілюстрацыйныfot. glowimages.com
Сёньня ў Астраўцы пачалі працу экспэрты службы Міжнароднага агенцтва атамнай энэргетыкі (МАГАТЭ). Яны аглядаюць пляцоўку і канструкцыі Беларускай АЭС на прадмет вонкавых пагрозаў (SEED-місія), паведаміла МЗС Беларусі.
Экспэрты маюць ацаніць, якія небясьпечныя сытуацыі могуць узьнікнуць, і ці вытрымаюць канструкцыі і сыстэмы БелАЭС гэтыя пагрозы. Таксама экспэрты будуць ацэньваць выкананьне экалягічных патрабаваньняў МАГАТЭ.
Беларускія дыпляматы заявілі, што справаздача SEED-місіі МАГАТЭ будзе падрыхтавана не раней за сакавік. Пры гэтым МЗС просіць МАГАТЭ максымальна паскорыць працэс.
Да канца 2017 году Беларусь плянуе прыняць яшчэ прынамсі адну місію МАГАТЭ — разгляду аварыйнай гатоўнасьці і рэагаваньня (EPREV).
Паводле Белта/Радыё “Свабода”/юл