МЗС Беларусі пацьвердзіла зьніжэньне цаны візаў для грамадзян ЭЗ
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Anna Zadrożna
                        
                        06.01.2017 10:33
                    
                                 
                
                
                    Ад 1 студзеня 2017 году цана гадавой уязной візы зьменшылася на два з паловай разы.
                
                
                    
                        
flickr.com
                     
                
                
                
               
                
                          Беларусь будзе вітаць любыя крокі замежных партнэраў, скіраваныя на аблягчэньне або адмену візавага рэжыму. Пра гэта заявіў прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык на брыфінгу 5 студзеня.
„Мы заўсёды гатовыя й рады вітаць любыя крокі насустрач нашым чаканьням, што тычыцца палягчэньня або адмены візавага рэжыму. Але цяпер гаворка ідзе пра ініцыятывы беларускага боку. Мы праводзілі ў сябе ўніфікацыю нашых нормаў. Таму нейкіх асаблівых чаканьняў, тым больш нейкіх тэрмінаў або ўмоў, мы нікому не называлі”, — сказаў Дзьмітры Мірончык.
Ад 1 студзеня 2017 году Беларусь у два з паловай разы зьменшыла цану гадавой уязной візы для грамадзян эўрапейскіх краін, якія ўваходзяць у Шэнгенскую зону. Калі раней гадавая беларуская віза каштавала для іх 150 эўра, то цяпер індывідуальная віза, незалежна ад колькасьці ўездаў, каштуе 60 эўра, а групавая — 10 эўра з чалавека.
Яшчэ раней Беларусь вызначыла шэсьць краін, жыхары якіх атрымалі пры набыцьці беларускіх візаў асаблівы статус. Гэта Латвія, Летува, Польшча, Эстонія, грамадзянам якіх аднаразовая беларуская віза каштуе 25 эўра. А грамадзяне Японіі й Сэрбіі ў адпаведнасьці з двухбаковымі пагадненьнямі наагул вызваляюцца ад выплаты консульскага збору.
svaboda.org/аз