Logo Polskiego Radia
Print

Беларусь уводзіць адзіную стаўку консульскага збору за выдачу ўязных віз

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 23.12.2016 11:56
За выдачу індывідуальнай візы збор складзе 60 эўра, за групавой візы - 10 эўра з чалавека.
flickr.com

У адпаведнасьці з новай рэдакцыяй Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь з 1 студзеня 2017 году ўстаноўлены новыя адзіныя стаўкі консульскіх збораў за выдачу ўязных віз, паведамляе Міністэрства замежных спраў.

За выдачу індывідуальнай візы, незалежна ад колькасьці ўездаў, консульскі збор складзе 60 эўра, за выдачу групавой візы — 10 эўра з чалавека.

Пры гэтым, падкрэсьліваюць у МЗС, у дачыненьні да грамадзян і жыхароў з асаблівым статусам Латвіі, Летувы, Польшчы, Эстоніі, Японіі й Сэрбіі, як і раней, устаноўлены іншыя стаўкі консульскіх збораў.

У прыватнасьці, грамадзяне Японіі й Сэрбіі ў адпаведнасьці з двухбаковымі пагадненьнямі вызваляюцца ад выплаты консульскіх збораў.

Грамадзяне Польшчы й краін Прыбалтыкі, як і раней, аплачваюць консульскія зборы па зьніжаных тарыфах.

Падрабязная інфармацыя будзе разьмешчана на сайце Міністэрства замежных спраў у разьдзеле „Візы й консульскія пытаньні” напярэдадні ўваходжаньня ў сілу новых ставак консульскіх збораў.

„Гэта рашэньне беларускага боку зьяўляецца чарговым захадам, накіраваным на аблягчэньне для замежных грамадзян магчымасьці наведаць Рэспубліку Беларусь, а таксама на разьвіцьцё міжасобасных, дзелавых і культурных кантактаў, стымуляваньне ўязнога турызму”, — гаворыцца ў паведамленьні МЗС.

belapan.com/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт