Logo Polskiego Radia
Print

ЭЗ увёў антыдэмпінгавую пошліну на арматуру БМЗ

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 21.12.2016 11:13
У Эўракамісію на беларусаў паскардзілася Эўрапейская асацыяцыя вытворцаў сталі.
pixabay.com/Public Domain CC0

Эўрапейская камісія ўстанавіла папярэднюю антыдэмпінгавую пошліну ў дачыненьні да арматуры вытворчасьці Беларускага мэталюргічнага завода (БМЗ). Пошліна на арматурныя пруты й стрыжні для бэтону ўстаноўлена ў памеры 12,5%. Інфармацыя аб гэтым зьмяшчаецца ў афіцыйным часопісе ЭЗ (europa.eu).

Рашэньне аб пастаянна дзейнай антыдэмпінгавай пошліне павінна быць прынятае да 20 чэрвеня. Як правіла, такая пошліна ўводзіцца тэрмінам на пяць гадоў.

Нагадаем, Эўракамісія 31 сакавіка пачала антыдэмпінгавае расьсьледаваньне ў дачыненьні да БМЗ па экспарце ў ЭЗ гарачакачанай арматуры. Адпаведная скарга была пададзена 15 лютага 2016 году Эўрапейскай асацыяцыяй вытворцаў сталі (Eurofer) па даручэньні прадпрыемстваў, якія кантралююць больш за 25% рынку арматуры ў Эўразьвязе.

У прыватнасьці Eurofer скардзіўся на вялікія аб`ёмы паставак арматуры зь Беларусі па нярыначных цэнах, што аказала адмоўны ўплыў на аб`ёмы продажаў і цэны на рынку ЭЗ і неспрыяльна адбілася на фінансавым становішчы шэрагу эўрапейскіх вытворцаў.

У ходзе расьсьледаваньня павінен быў быць вывучаны пэрыяд з 1 студзеня па 31 сьнежня 2015 году. Пры гэтым вывучэньне тэндэнцый рынку ахоплівала пэрыяд з 1 студзеня 2012 году па 31 сьнежня 2015 году.

Беларускі мэталюргічны завод быў запрошаны Эўракамісіяй да ўдзелу ў працы камісіі па расьсьледаваньні.

belapan.com/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт