Logo Polskiego Radia
Print

Сёмы зьезд беларусаў сьвету пройдзе 15–16 ліпеня 2017 г. у Менску

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 16.12.2016 17:19
Тэма зьезду: «Беларуская нацыя, беларуская дзяржаўнасьць, беларускае замежжа – выклікі сучаснасьці і стратэгія разьвіцьця».
фота: Згуртаваньне беларусаў сьвету "Бацькаўшчына"

Дату і месца правядзеньня зацьвердзіла Малая Рада Згуртаваньня на пасяджэньні, якое адбылося 15 сьнежня. Таксама Рада прыняла шэраг важных рашэньняў, сярод якіх найпершае – вызначэньне тэмы Зьезду: «Беларуская нацыя, беларуская дзяржаўнасьць, беларускае замежжа – выклікі сучаснасьці і стратэгія разьвіцьця».
Важным аспэктам працы Зьезду стане выпрацоўка рэкамэндацый адносна практычных крокаў для паглыбленьня ўзаемадзеяньня паміж Беларусьсю і беларусамі замежжа.

Як вядома, Зьезды беларусаў сьвету ладзяцца Згуртаваньнем раз на чатыры гады, пачынаючы з 1993 года. І кожны зьезд быў важнай падзеяй, этапам у разьвіцьці стасункаў паміж Беларусьсю і беларусамі замежжа.

Менавіта з ініцыятывы Згуртаваньня «Бацькаўшчына», агучанай на Трэцім зьезьдзе, пачалі фарміравацца прапановы для законапраекта «Аб беларусах замежжа» і дзяржаўнай праграмы «Беларусы ў сьвеце». З прыняцьцем гэтага закона ў 2014 годзе быў юрыдычна замацаваны статус «беларус замежжа» і закладзеная заканадаўчая база для супрацоўніцтва з беларускай дыяспарай, якую цяпер трэба пашыраць і напаўняць практычнымі крокамі.

zbsb.org/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт