Logo Polskiego Radia
Print

Fitch захоўвае нэгатыўны прагноз па банкаўскім сэктары Беларусі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 13.12.2016 17:11
Такі прагноз прыводзіцца ў аглядзе банкаўскага сэктара краін СНД і Грузіі.
pixabay.com/Public Domain CC0

Нэгатыўны націск на банкаўскі сэктар Беларусі ў 2017 годзе ў сувязі з сытуацыяй у эканоміцы захаваецца. Такі прагноз прыводзіцца ў аглядзе банкаўскага сэктара краін СНД і Грузіі, які падрыхтавалі аналітыкі міжнароднага рэйтынгавага агенцтва Fitch Ratings.

„Мы захоўваем нэгатыўны прагноз па банкаўскім сэктары Беларусі. Мы чакаем, што націск на сэктар на працягу 2017 году захаваецца, і ён будзе абумоўлены рэцэсіяй апошніх двух гадоў і наступствамі дэвальвацыі нацыянальнай валюты”, — лічаць аналітыкі Fitch.

Пры гэтым яны чакаюць, што рэцэсія, якая нэгатыўна ўплывае на банкі, захаваецца і ў наступным годзе. Паводле прагнозу экспэртаў рэйтынгавага агенцтва, у 2016 годзе ВУП Беларусі скароціцца на 2,7%, у 2017-м — на 0,3%. Такая эканамічная дынаміка прывядзе да таго, што крэдытны партфэль беларускіх банкаў ня будзе расьці ў 2017 годзе, мяркуюць аўтары агляду.

„Мы чакаем, што рост крэдытаваньня (за вылікам якіх-небудзь эфэктаў валютнага курса) будзе блізкім да нуля ў 2017 годзе”, — лічаць аналітыкі Fitch Ratings.

На іх думку, нулявы рост крэдытнага партфэля банкаў стане сьледзтвам складанай сытуацыі ў эканоміцы й нізкай якасьці актываў. У 2016 годзе доля праблемных актываў беларускіх банкаў павялічылася больш як удвая, нагадваюць эканамісты Fitch.

„Прыблізна 70% праблемных крэдытаў сфармаваныя дзяржаўнымі банкамі, што адлюстроўвае іх высокую долю ў сэктары (на іх прыпадае больш за 60% актываў), а таксама іх значны ўдзел у мінулым у крэдытаваньні дзяржаўных праграм, якія цяпер фінансуюцца праз Банк разьвіцьця”, — гаворыцца ў аглядзе. Пры гэтым прадстаўнікі Fitch прагназуюць, што праблемныя актывы ў банкаўскай сыстэме Беларусі будуць працягваць расьці.

„Мы чакаем, што тэндэнцыя пагаршэньня якасьці актываў будзе доўжыцца на працягу 2017 года, бо крэдытныя рызыкі застаюцца высокімі”, — адзначаюць аналітыкі міжнароднага рэйтынгавага агенцтва.

racyja.com/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт