Макей сустрэўся з кіраўніцтвам ЗБС „Бацькаўшчына”
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
13.12.2016 16:11
Падчас сустрэчы абмяркоўваліся пытаньні паглыбленьня сувязяў зь беларусамі замежжа.
Photo: Cancillería del Ecuador/flickr.com/Commercial use allowed
Міністар замежных спраў Уладзімір Макей 13 сьнежня ў Менску абмеркаваў з кіраўніцтвам міжнароднага грамадзкага аб'яднаньня „Згуртаваньне беларусаў сьвету „Бацькаўшчына” пытаньні ўзаемадзеяньня МЗС і гэтай арганізацыі па паглыбленьні сувязяў з беларусамі, якія пражываюць за мяжой, паведамілі ў прэс-службе зьнешнепалітычнага ведамства.
ЗБС „Бацькаўшчына” на сустрэчы прадстаўлялі кіраўнік аб'яднаньня Алена Макоўская й старшыня рады Ніна Шыдлоўская. Бакі закранулі тэму супрацоўніцтва зь беларусамі замежжа ў розных сфэрах, а таксама пытаньні правядзеньня VІІ зьезда беларусаў сьвету.
Згуртаваньне беларусаў сьвету „Бацькаўшчына” было створанае ў пачатку 1990-х гадоў. Першым прэзыдэнтам аб'яднаньня стаў культавы беларускі пісьменьнік Васіль Быкаў, старшынёй савета — празаік, крытык і літаратуразнаўца Яўген Лецка.
З 1993 па 2001 гады пасаду старшыні „Бацькаўшчыны” займаў грамадзкі дзеяч, геоляг, акадэмік Радзім Гарэцкі, старшыні савета — Ганна Сурмач, якая ў свой час была дырэктарам Цэнтральнага дзяржаўнага архіва літаратуры й мастацтва Беларусі.
Анатоль Грыцкевіч і Алена Макоўская ў 2001 годзе былі абраныя на пасады кіраўніка й старшыні рады аб'яднаньня адпаведна. У 2005 годзе на пасадзе кіраўніка Грыцкевіча зьмяніў мастак Алесь Марачкін, месца старшыні савета засталося за Макоўскай.
Алена Макоўская ўзначаліла аб'яднаньне ў 2009 годзе, на VI зьезьдзе беларусаў сьвету ў 2013 годзе яе пераабралі на другі тэрмін.
Зьезды беларусаў сьвету пад эгідай „Бацькаўшчыны” праходзяць раз на чатыры гады. Першы нацыянальны форум ў 1993 годзе сабраў больш за тысячу дэлегатаў з Беларусі й беларускіх замежных дыяспар. На апошні зьезд у 2013 годзе зьехаліся амаль 300 дэлегатаў, якія прадстаўляюць беларускія дыяспары з 20 замежных краін.
nn.by/bielapan.com/аз