П'яны начальнік баранавіцкай ДАІ насьмерць зьбіў жанчыну
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
28.11.2016 11:03
Праведзены агляд паказаў, што ў яго крыві ўтрымліваецца амаль 3 праміле алькаголю.
Андрэй Ваўкавыцкіфота: Наша Ніва
Увечары 26 лістапада на трасе, якая ідзе празь вёску Дарава ў Ляхавіцкім раёне, выканаўца абавязкаў начальніка баранавіцкай ДАІ насьмерць зьбіў пешахода.
ДТЗ адбылося каля 20:30. Паводле інфармацыі зь неафіцыйных крыніц, у той момант інспэктары ДАІ спынілі аўтамабіль, якім кіраваў кіроўца-бяспраўнік. Пакуль афармлялі пратакол, 36-гадовая жанчына-пасажыр, жыхарка Слуцка, выйшла з машыны, каб даведацца пра прычыны спыненьня. Калі яна пераходзіла дарогу, яе зьбіў аўтамабіль. Паводле адных зьвестак, наезд быў зьдзейсьнены на пешаходным пераходзе, паводле іншых — каля яго. Жанчына загінула.
За рулём аўтамабіля, які зьбіў жанчыну, знаходзіўся выканаўца абавязкаў начальніка АДАІ Баранавіцкага ГАУС Андрэй Ваўкавыцкі. Мужчына быў не пры выкананьні, на асабістым аўтамабілі і ў цывільным адзеньні. Ён аказаўся моцна п'яны: праведзены агляд паказаў, што ў яго крыві ўтрымліваецца амаль 3 праміле алькаголю.
Сьледчы камітэт пачаў крымінальную справу, кіроўца ўзяты пад варту — ён у СІЗА. Калі віна п'янага кіроўцы ў гібелі жанчыны пацьвердзіцца, яму пагражае да 7 гадоў пазбаўленьня свабоды.
Знаёмыя загінулай паведамілі, што ў жанчыны засталося двое непаўналетніх дзяцей: сыну 6 гадоў, дачцэ — шаснаццаць.
паводле nn.by/tut.by/вс