Пэнсіянэр пагражае самаспаленьнем, патрабуючы справядлівасьці
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
09.11.2016 17:21
Тыдзень застаўся ў дзяржавы, каб аднавіць справядлівасьць і вярнуць веру ў закон.
Photo: www.belsat.eu
69-цігадовы жыхар Магілёва Уладзімір Пашчанка выставіў ультыматум уладам: альбо яны ўрэшце пакараюць хуліганаў, якія два гады таму зьбілі яго, альбо 15-га лістапада на знак пратэсту ён учыніць публічнае самазабойства.
«Калі не будуць выкананыя мае патрабаваньні, якія я абвесьціў прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь, гаранту Канстытуцыі, якая не выконваецца, а правы асабістай свабоды парушаюцца, я ўжыву да сябе акт самаспаленьня!», – пагражае Уладзімір Пашчанка.
Два гады таму двое хлапцоў нападпітку праходзілі побач зь сядзібаю пэнсіянэра. Адзін зь іх памачыўся на плот, што і заўважылі гаспадар ды ягоны сын.
На заўвагі яны павялі сябе агрэсіўна і моцна зьбілі сына й бацьку.
Спадара Уладзіміра зьбілі настолькі моцна, што зламалі яму левае калена. У пошуках праўды пацярпелы прайшоў усе інстанцыі – ажно да Вярхоўнага суда. У выніку вінаватым прызналі толькі аднаго з нападнікаў, асудзіўшы яго да трох гадоў «хіміі» і 30-ці мільёнаў недэнамінаваных рублёў кампэнсацыі маральнае шкоды.
Пашчанку гэткае разьвязаньне не задавальняе: ён патрабуе пакараць і другога нападніка, які ў справе праходзіць як сьведка. Нападнікі гэтак і не пакаяліся ў сваім учынку ды не выбачыліся перад пацярпелым у судзе.
belsat.eu/яс