Лукашэнку ўключылі ў сьпіс «ворагаў свабоды прэсы»
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
02.11.2016 13:02
Разам з Аляксандрам Лукашэнкам туды залічылі 35 палітыкаў і арганізацый.
Okras/Wikipedia/CC BY-SA 4.0
Як і тры гады таму, прэзыдэнт Беларусі трапіў у сьпіс «Ворагаў свабоды прэсы», які складаецца праваабарончай арганізацыяй «Рэпарцёры бяз межаў». Разам з Аляксандрам Лукашэнкам туды залічылі 35 палітыкаў і арганізацый.
У характарыстыцы беларускага прэзыдэнта сказана, што ён спрабуе інтэгравацца ў міжнародную супольнасьць, «залагоджваючы свой вобраз «апошняга дыктатара Эўропы».
- Закручваньне гаек 2011 года, калі было арыштавана больш за 100 журналістаў, скончылася, у 2015 годзе вызвалілі палітвязьняў, але на самой справе нічога не зьмянілася. Працягваюцца адмовы ў акрэдытацыі, журналісты, якія працуюць на замежныя СМІ, падвяргаюцца ганеньням судовай сыстэмы. Міністэрства інфармацыі зрабіла больш жорсткім кантроль за распаўсюджвальнікамі друкаваных СМІ.
Па ацэнцы «Рэпарцёраў бяз межаў», у Беларусі прымаюцца ўсе намаганьні, каб кантраляваць інтэрнэт. У арганізацыі нагадваюць, што ў 2015 годзе журналісты атрымалі 28 штрафаў за «незаконны выраб і распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў». Органамі, якія ажыцьцяўляюць ціск на СМІ, праваабаронцы называюць КДБ, пракуратуру й суды.
«Рэпарцёры бяз межаў» нагадваюць, што Беларусь знаходзіцца на 157 месцы са 180 краін у іх штогадовым Індэксе свабоды слова, што зьяўляецца самым горшым вынікам у Эўропе.
Разам з Аляксандрам Лукашэнкам у новы сьпіс «Ворагаў свабоды прэсы» патрапілі Ўладзімір Пуцін, казахскі й азэрбайджанскі лідары Нурсултан Назарбаеў і Ільхам Аліеў, кіраўнік Кітая Сі Цзінпінь, прэзыдэнты Сырыі й Зімбабвэ Башар Асад і Робэрт Мугабэ, чачэнскі лідар Рамзан Кадыраў. Сярод пачаткоўцаў, у параўнаньні з рэйтынгам 2013 года, прэзыдэнты Турцыі й Эгіпта Рэджэп Эрдаган і Абдэль Фаттах ас-Сісі, а таксама лідар тайляндзкай хунты Прают Чан-Оча.
tut.by/ав