Logo Polskiego Radia
Print

Тэхагляд цяпер можна аплаціць у сыстэме АРІП

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 22.10.2016 16:39
Дзякуючы падключэньню да сыстэмы аплата тэхагляду даступная ў любым банку й на пошце.
Photo: pixabay.com

З 21 кастрычніка 2016 году аплаціць паслугі тэхагляду ў Беларусі можна з дапамогай сыстэмы Адзінай разьліковай і інфармацыйнай прасторы (АРІП).

Як паведамілі ў адміністрацыі АРІП, дзякуючы падключэньню да сыстэмы аплата тэхагляду даступная ў любым банку, на пошце ці праз інтэрнэт-банк і дыстанцыйныя каналы абслугоўваньня, калі яны падключаныя да АІС „Разьлік”.

У сьпісе паслуг АРІП тэхагляд даступны для аплаты ў рубрыцы: „Іншыя рэспубліканскія паслугі”; „Белтэхагляд”; „Дзяржпошліна (фіз. асобы і ІП)/дзяржпошліна (юр. асобы)”.

„Мы пратэставалі праходжаньне плацяжоў па новай паслузе й запускаем яе ў масавы доступ. Зараз за гэтую адміністрацыйную працэдуру можна плаціць незалежна ад месца яе праходжаньня й без неабходнасьці падаваньня квітанцыі”, — пракамэнтаваў старшыня праўленьня ААТ „Нябанкаўская крэдытна-фінансавая арганізацыя „АРІП” Алег Верамейчык.

Захоўваць і падаваць у якасьці дакумэнта, які пацьвярджае плацеж, арыгінал квітанцыі аб аплаце дзяржаўнай пошліны больш не патрабуецца. Прадпрыемства „Белтэхагляд” з дапамогай нумара апэрацыі ў АРІП само знойдзе патрэбны яму плацеж.

У выпадку неабходнасьці вяртаньня плацяжу плацельшчыку дастаткова зьвярнуцца ў інспэкцыю Міністэрства па падатках і зборах па месцы рэгістрацыі.

Адзіная разьліковая інфармацыйная прастора — аўтаматызаваная сыстэма, якая дазваляе імгненна аплачваць тавары й паслугі праз інтэрнэт. Працуе з 2008 году. Ініцыяваў яе зьяўленьне Нацыянальны банк. У 2014 годзе ўведзены адзіны мэханізм разьлікаў па плацяжах у АРІП, які сталі выкарыстоўваць усе банкі, што працуюць у краіне.

belapan.com/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт