Logo Polskiego Radia
Print

«Беларускія ўікэнды» у кінатэатры «Перамога» з 22 кастрычніка

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 19.10.2016 12:04
Першым будзе паказаны фільм «Цудоўна Ласка», які расказвае гісторыю пра змаганьне супраць рабства ў Вялікабрытаніі.

Аб’яднаньне «Кінаконг» і кінатэатар «Перамога» распачынаюць сэрыю кінапаказаў у беларускай агучцы. Паказы плянуюцца штомесяц і будуць праходзіць на выходных, таму ініцыятыва атрымала назву «Беларускія ўікэнды».

Фільмы перакладзены на беларускую мову аб’яднаньнем Кінаконг. Галасы агучкі – вядомыя беларускія акторы й тэлевядучыя: Павал Харланчук, Ганна Хітрык, Сяргей Жбанкоў, Уладзімер Глотаў, Сьвятлана Цімохіна ды іншыя.

Першы беларускі ўікэнд адбудзецца 22-23 кастрычніка. У гэтыя дні (суботу й нядзелю), а 19:00 кінатэатар «Перамога» пакажа фільм «Цудоўна Ласка». Захапляльная гісторыя змаганьня супраць рабства ў Вялікабрытаніі была зьнятая рэжысэрам «Хронік Нарніі» Майклам Эптэдам, а ў адной з галоўных роляў зьняўся знакаміты брытанскі актор Бэнэдыкт Камбэрбэтч. Пачатак а 19:00. Уваход вольны.

31 кастрычніка з нагоды Дня Рэфармацыі пройдзе паказ гістарычнай драмы «Лютар». Кіно распавядзе неверагодную гісторыю чалавека, які 499 год таму зьмяніў увесь сьвет. У фільме задзейнічаная цэлая плеяда вядомых актораў, уключна са знакамітым сэрам Пітэрам Усьцінавым («Лютар» – апошняя праца гэтага знакамітага брытанскага актора з рускімі каранямі). З-за выключнай гістарычнай дакладнасьці кінастужка рэкамэндавана для навучальных мэтаў. Пачатак а 19:00. Уваход вольны.

Наступны ўікэнд адбудзецца ў лістападзе. На выходныя 19-20 лістапада плянуецца прэзэнтацыя дзіцячага фільма «Падынгтан», што распавядае пра прыгоды абаяльнага мядзьведзіка ў Ангельшчыне. Брытанія знакаміта дзьвюма мядзьведзямі: Віні-Пыхам і Падынгтанам. І калі першы шырока вядомы ў Беларусі, то Падынгтану яшчэ трэба заваяваць любоў маленькіх гледачоў. І ў пэруанскага мядзьведзя з манэрамі ангельскага джэнтльмэна гэта пэўна атрымаецца! Фільм 2014 года прасякнуты дабрынёй і непаўторным ангельскім гумарам. Ён абавязкова спадабаецца як дзецям, так і іх бацькам. Дарэчы, ролю галоўнага злачынцы выканала Ніколь Кідман.

Кінатэатар «Перамога»: г. Менск, вул. Інтэрнацыянальная, 20

Будзьма беларусамі!/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт